Праўладнае аб’яднаньне «Белая Русь» правяло арганізацыйны сход у якасьці будучай палітычнай партыі

Зьезд «Белай Русі», архіўнае фота

Гэта будзе праўладная партыя, пры гэтым сама «Белая Русь» як грамадзкая арганізацыя захаваецца.

Старшыня «Белай Русі» Алег Раманаў у інтэрвію дзяржаўнай тэлевізіі Беларусі сказаў, што партыю пачнуць будаваць «з нуля».

«Новая партыя будзе самастойнай сілай, накіраванай на вырашэньне тых вострых праблем, якія сёньня стаяць і перад нашым грамадзтвам, і ў цэлым у сьвеце».

Партыю вырашылі стварыць, як лічыць Раманаў, бо «адчулі неабходнасьць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці».

7 лютага прайшоў арганізацыйны сход для стварэньня партыі.

А існаваць будучая партыя будзе «дзеля таго, каб Беларусь аказалася востравам стабільнасьці, парадку, росквіту і посьпеху».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект, які прадугледжвае перарэгістрацыю партый

«Белую Русь» стварылі ў 2007 годзе адразу як грамадзкую арганізацыю, якая падтрымлівае Лукашэнку. Першым старшынём аб’яднаньня быў Аляксандар Радзькоў, падчас працы якога міністрам адукацыі істотна зьнізілася колькасьць беларускамоўных школ, а прадмет «Гісторыя Беларусі» пачалі выкладаць і на расейскай мове.

У 2018–2022 гг. аб’яднаньне ачольваў Генадзь Давыдзька, адзін з ініцыятараў нядаўна прынятага закону аб перарэгістрацыі палітычных партый.

З 2022 году «Белую Русь» узначальвае Алег Раманаў, які лічыць, што палітычныя партыі «павінны стаяць на канструктыўнай, стваральнай, прадзяржаўнай і пранароднай пазыцыі».

Аб пераўтварэньні «Белай Русі» ў палітычную партыю гаварылі і раней, але супраць выступаў Лукашэнка. Цяпер вырашылі, што такая партыя будзе, але застанецца і грамадзкае аб’яднаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК анансаваў падрыхтоўку да новых выбараў у Беларусі