Магутны землятрус у Турэччыне і Сырыі: вядома пра звыш 5000 ахвяраў. ФОТА

Наступствы землятрусу ў Турэччыне, 6 лютага 2023

Наймацнейшы за дзесяцігодзьдзі землятрус адбыўся ў правінцыі Газіантэп у Турэччыне. Ахвяры ёсьць і ў суседняй Сырыі. Удзень 6 лютага ў рэгіёне здарыўся другі землятрус.

Тысячы людзей загінулі ў дзьвюх краінах пасьля таго, як адзін з самых моцных землятрусаў у Турэччыне выклікаў падземныя штуршкі па ўсім рэгіёне, разбурыўшы будынкі і прымусіўшы жыхароў выбягаць на вуліцы.

У Турэччыне колькасьць пацярпелых падлічвае Ўпраўленьне грамадзянскай абароны AFAD. У Сырыі, празь яе складанае палітычнае становішча, урад дае зьвесткі на падкантрольных сабе тэрыторыях, Грамадзянская абарона Сырыі — на тых, якія не знаходзяцца пад кантролем урадавых сілаў.

Колькасьць ахвяр
Турэччына. Загінулі 3419, параненых звыш 20 тысяч.
Сырыя. Загінулі 812, параненых 1450. На не падкантрольных ураду землях загінулі сама меней 450 чалавек.

Месца землятрусу

Землятрус магнітудай 7,8 бала адбыўся а 4-й гадзіне раніцы па мясцовым часе за 23 кілямэтры на ўсход ад Нурдагі, правінцыя Газіантэп, на глыбіні 24,1 км, паведаміла Геалягічная служба ЗША (USGS). Нурдагі знаходзіцца ўздоўж турэцка-сырыйскай мяжы, і землятрус адчуваўся ў некалькіх краінах рэгіёну, у тым ліку ў Сырыі і Лібане.

Наступствы землятрусу

У суседняй Сырыі людзей працягваюць даставаць з-пад завалаў. Колькасьць ахвяр імкліва павялічваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць ахвяр землятрусу ў Інданэзіі вырасла да 268, параніла больш за тысячу чалавек

У Турэччыне сярод іншых будынкаў разбураны замак у Газіантэпе на пагорку ў цэнтры гораду, вялікія разбурэньні ў Дыярбакыры. У краіне спынены праца сотняў школ, спынены ўсе спартовыя спаборніцтвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Землятрусы разбурылі некалькі гістарычных помнікаў у Турэччыне і Сырыі

У Сырыі людзі загінулі ў гарадах Алепа, Хама і Латакія. Паводле зьвестак групы «Белыя каскі», афіцыйна вядомай як Грамадзянская абарона Сырыі, дзясяткі людзей апынуліся пад заваламі. Зруйнаваны замак Маркаб, які пабудавалі яшчэ крыжакі.

Наступствы землятрусу ў Адане, Турэччына

Землятрус у панядзелак стаў самым моцным у Турэччыне з 1939 году, калі ў выніку землятрусу такой жа сілы загінулі 30 000 чалавек, паведамляе USGS. Землятрусы такой магнітуды рэдкія, у сярэднім менш за пяць за год у любым пункце сьвету. Сем землятрусаў магнітудай 7,0 і больш абрынуліся на Турэччыну за апошнія 25 гадоў, але ў панядзелак быў самы моцны зь іх.

Празь некалькі гадзін, ужо ўдзень, у Турэччыне і Сырыі адбыўся другі землятрус. Магнітуда дасягнула 7,6 бала. Сэйсмолягі кажуць, што існуе імавернасьць, што штуршкі яшчэ будуць працягвацца.

Наступствы землятрусу ў Турцыі

МЗС Беларусі: не выходзяць на сувязь двое грамадзян Беларусі

Міністэрства замежных спраў паведаміла, што ў турэцкім горадзе Хатай, адным з найбольш пацярпелых ад землятрусу, зьнікла беларуска Аляксандра Акпінар, яе муж і дзіця. Яны не выходзяць на сувязь. Пра гэта расказала яе сястра.

Амбасада Беларусі ў Сырыі яшчэ высьвятляе падрабязнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля землятрусу ў Турэччыне прапала беларуска зь сям’ёй

Наступствы землятрусу ў Сырыі

Пасьля землятрусу ў Турэччыне. 6 лютага 2023