Рада Эўропы пачынае рэалізацыю пляна падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці

Рада Эўропы

Плян, распрацаваны ўдзельнікамі кантактнай групы Рады Эўропы па Беларусі, уключае 15 мерапрыемстваў.

Рада Эўропы паведаміла аб пачатку рэалізацыі пляна дзеяньняў па падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці.

Плян, распрацаваны ўдзельнікамі кантактнай групы Рады Эўропы па Беларусі, уключае 15 праектаў, у тым ліку навучальныя курсы па правах чалавека, сэмінары па Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека і азнаямленчыя паездкі для беларускіх юрыстаў у штаб-кватэру Рады Эўропы ў Страсбуры.

Сярод іншых праектаў — павышэньне абазнанасьці ў ключавых пытаньнях, сярод якіх адмена сьмяротнага пакараньня, недыскрымінацыя, гендэрная роўнасьць і супрацьдзеяньне гвалту ў адносінах да жанчын.

1 лютага на пасяджэньні кантактнай групы Рады Эўропы выступіла Сьвятлана Ціханоўская.

«Мы хочам бачыць больш Рады Эўропы ў Беларусі і больш Беларусі ў Радзе Эўропы. Дзякуючы сумесным намаганьням і ўзаемападтрымцы гэта ўжо адбываецца.

Нашай стратэгічнай задачай застаецца як мага хутчэйшае ўступленьне ў Раду Эўропы. Гэтай працай мы робім адчувальныя і канкрэтныя крокі да гэтай мэты», — сказала, у прыватнасьці Сьвятлана Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спадзяюся, ён усьвядоміць волю беларускага народу». Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША пра саўдзел Лукашэнкі ў вайне і дыялёг з рэжымам

На сакавік заплянаваны вучэбна-практычны сэмінар для журналістаў у выгнаньні.

«Праекты на 2023 год, якія мы ўзгаднілі ў кантактнай групе Рады Эўропы па Беларусі, уяўляюць сабой найбольш адчувальную і істотную дапамогу, і я ганаруся тым, што наша арганізацыя грае ролю першапраходцы ў падтрымцы дэмакратычнай Беларусі», — заявіла генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч.

Наступнае, трэцяе паседжаньне кантактнай групы адбудзецца ў чэрвені 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША паабяцалі падтрымліваць сувэрэнітэт Беларусі «гэтак жа моцна, як і раней»