Выйшлі на волю яшчэ два палітвязьні: Аляксандар Мілашэўскі і Андрэй Пятроўскі

Андрэй Пятроўскі

Ініцыятыва dissidentby паведаміла, што сёньня выйшлі на волю палітвязьні Аляксандар Мілашэўскі і Андрэй Пятроўскі.

Аляксандар Мілашэўскі — жыхар Менску. Ён быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі па «справе Зельцара». Аляксандар знаходзіўся ў СІЗА-1, калі скончыўся тэрмін пакараньня.

Андрэй Пятроўскі — настаўнік са Смаргоняў. Перад Днём Канстытуцыі ён паказваў 11-й клясе відэаролік «Канстытуцыя сышла ў прастытуцыю» зь лягатыпам, які беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Да таго ж настаўнік расказваў пра бел-чырвона-белы сьцяг, бо дзеці задавалі пра яго пытаньні.

«Здаў» яго вучань, сын чыноўніцы. За «паклёп на Лукашэнку» Пятроўскага асудзілі на паўтара года калёніі. Андрэй адбываў пакараньне ў ПК-2 у Бабруйску.

  • На гэты момант беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі каля 1500 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: праваабаронцу Насту Лойку білі электрашокерам за пароль ад тэлеграма