«Ідэнтычнасьць, якая растае». У Вільні адкрылася фотавыстава пра літоўцаў Беларусі. ФОТА

Яе аўтар, вядомы фотамастак Клаўдзіюс Дрыскюс, шмат часу правёў у вёсках Беларусі, дзе жывуць этнічныя літоўцы.

У Віленскай галерэі фатаграфіі адкрылася пэрсанальная выстава Клаўдзіюса Дрыскюса, прысьвечаная жыхарам літоўскамоўнага астраўка ў Беларусі, вакол Гервятаў. Частка выставы — аўтэнтычныя аповеды яе герояў, перакладзеныя і на беларускую.

У Віленскай галерэі фатаграфіі адкрылася выстава «Ідэнтычнасьць, якая растае». Яе аўтар, вядомы фотамастак Клаўдзіюс Дрыскюс, шмат часу правёў у вёсках Беларусі, дзе жывуць этнічныя літоўцы. Ён стварыў цыкль партрэтных фатаграфіяў жыхароў Гервятаў, Рымдзюнаў, Гіраў, іншых паселішчаў Астравецкага раёну — у штодзённых клопатах і падчас урачыстых і важных падзеяў.

Этнамоўная ўнікальнасьць літоўскамоўнай выспы зьнікае: як адзначыў аўтар прадмовы да выставы філёзаф Вітаўтас Алішаўскас, людзі зьяжджаюць у Літву, іншым не ўдаецца перадаць сваю ідэнтычнасьць нашчадкам, усё больш прыежджых прыцягвае Астравецкая атамная станцыя.

І ўсё ж «тонкае злучво з шматвяковай мінуўшчынай, перажыўшы прымусовую атэізацыю, калгасізацыю, скачок у новую эпоху, яшчэ
жыве, хоць і растае — як і ўсе формы жыцьця», — кажа Алішаўскас.

Адзін з герояў фотапартрэтаў — Алфансас Аўгуліс, сам родам зь вёскі Пелегрында каля Гервятаў, першы дыпляматычны прадстаўнік незалежнай Літвы ў незалежнай Беларусі, які шмат зрабіў для зьберажэньня культурна-моўнай ідэнтычнасьці сваіх землякоў, стварэньня літоўскамоўнай школы, якую ўлады Беларусі сёлета закрылі, нягледзячы на пратэсты і звароты. Аўгуліс выступіў на адкрыцьці выставы, дзе таксама прагучалі мясцовыя песьні ў выкананьні сяброў гервяцкага зямляцтва.

Неад’емная частка выставы — тэксты, пераважна аўтэнтычныя аповеды герояў фотапартрэтаў, этнаграфічныя і бытавыя абразкі, велікодныя песьні. Фотамастак палічыў абавязковым, каб усе тэксты былі перакладзеныя і на беларускую мову.

Выстава будзе экспанавацца да 18 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Загаварыць па-беларуску можна за два тыдні». Беларуска зь Літвы 30 гадоў вучыць беларускай мове іншаземцаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа кожнага». Чаму трэба пашукаць у сямейным фотаархіве здымкі пра лес і трапіць зь імі ў кнігу