Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа кожнага». Чаму трэба пашукаць у сямейным фотаархіве здымкі пра лес і трапіць зь імі ў кнігу


Фота з калекцыі «Людзі лесу», архіў VEHA
Фота з калекцыі «Людзі лесу», архіў VEHA

Ініцыятыва VEHA распачала чарговы фотапраект — «Людзі лесу». Да яго стварэньня можна далучыцца, даслаўшы свае сямейныя здымкі. Куратар, мастачка Леся Пчолка, расказала, як працуюць над ідэяй і чаму захоўваць культурную спадчыну важна разам.

«Лес вельмі зьвязаны з намі гістарычна і эмацыйна»

Ідэя праекту «Людзі лесу» прыйшла яшчэ падчас працы над «Дзявочым вечарам», некалькі гадоў таму, кажа Леся. Але распачалі яго толькі ў 2022 годзе.

Куратарка праекту Леся Пчолка
Куратарка праекту Леся Пчолка

VEHA — гэта незвычайны архіў. Каманда працуе з гісторыяй штодзённасьці, з тэмамі, якімі рэдка займаюцца калекцыянэры.

«Калі прыгадаць нашыя мінулыя праекты („Найлепшы бок“ са здымкамі на фоне тканых дываноў; „Дзявочы вечар“ пра вясельле і „Апошні фатаздымак“ пра пахаваньне) і „Лес“, то, папраўдзе, гэта самыя папулярныя тэмы ў беларускіх сямейных фотаархівах. Шмат людзей жылі не ў гарадах, а ў мястэчках, у вёсачках. Прырода — больш блізкая тэма, чым горад. Я вельмі спадзяюся, што містыка таксама будзе адлюстраваная ў гэтым праекце», — гаворыць Леся Пчолка.

Каманда праекту плянуе стварыць вялікі архіў зь сямейных здымкаў «Людзі лесу» на сваім сайце, а таксама надрукаваць кнігу, дзе будуць ня толькі фота, але і дасьледчыя тэксты, расказвае Леся.

Фота з калекцыі «Людзі Лесу»
Фота з калекцыі «Людзі Лесу»

«Яны з розных бакоў, сацыялягічных і культуралягічных, будуць разглядаць тэму лесу. Беларусь ішла па шляху вельмі хуткай індустрыялізацыі. Людзі высяляліся зь мястэчак, вёсачак, перасяляліся ў гарады.

Фота з калекцыі «Людзі Лесу»
Фота з калекцыі «Людзі Лесу»

Сёньня мы маем тры пакаленьні людзей, якія нарадзіліся і жывуць у гарадах. Але на здымках, якія мы зьбіраем, яшчэ не гарадзкое насельніцтва. Я лічу, што лес вельмі зьвязаны з намі гістарычна, эмацыйна і шмат фатаздымкаў узаемаадносінаў прыроды і чалавека ёсьць у розных сямейных архівах».

Мастачка заўважае, што летась да вобразу лесу дадаўся і нэгатыўны кантэкст — сытуацыя на мяжы з Эўразьвязам.

«Прастора лесу, якая магла быць прасторай рэсурсу, бясьпекі і падтрымкі жыцьця чалавека, для тых, хто на шляху пераходу мяжы, стала вельмі небясьпечным месцам. Але мы вырашылі, што нядрэнна, калі мы і гэтую тэму таксама будзем падымаць і абмяркоўваць у праекце», — тлумачыць Леся.

Фота з калекцыі «Людзі Лесу», архіў VEHA
Фота з калекцыі «Людзі Лесу», архіў VEHA

«Ёсьць нешта яшчэ, акрамя татальнага абсурду, гвалту, усяго таго, што робіць рэжым у Беларусі»

Да 20 лютага кожны ахвочы можа даслаць лічбавыя копіі сваіх сямейных фатаздымкаў на info@veha.by. Потым яны будуць разьмешчаныя на сайце VEHA і, магчыма, трапяць у кнігу.

Фота з калекцыі «Людзі Лесу»
Фота з калекцыі «Людзі Лесу»

«Дасылаць можна здымкі, на якіх у прасторы лесу адбываецца ўзаемадзеяньне чалавека і прыроды: з дрэвамі, расьлінамі, жывёламі. Важна, каб яны былі зробленыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі да 1980 году».

У першы тыдзень збору прыслалі 80 фотаздымкаў. Цяпер каманда іх апрацоўвае, каталягізуе і будзе часткамі публікаваць на сайце.

«Мы заўжды зьбіраем фатаздымкі толькі ў абмежаваны тэрмін, бо працэс апрацоўкі займае шмат часу і патрабуе рэсурсаў. Мы працуем як альтэрнатыўны музэй. Усе фота апісаныя, разьмешчаныя ў каталёгу, мы прафэсійна падыходзім да захаваньня нашай візуальнай гісторыі паўсядзённасьці».

Фота з калекцыі «Людзі Лесу»
Фота з калекцыі «Людзі Лесу»

Леся мяркуе, што кнігу надрукуюць ужо ўлетку. Таксама каманда будзе праводзіць дасьледаваньне і рабіць публічныя дыскусіі на падставе сабранага матэрыялу.

Мастачка падкрэсьлівае, што займацца зборам архіву нават у такія няпростыя часы надзвычай важна.

«Мы не спынялі працы, нават калі былі цяжкія моманты ўнутры нашай каманды ў 2020-м. Мы не спыніліся і ў 2021 годзе, выдалі кнігі, бо людзі іх чакалі.

Цяпер ёсьць адчуваньне, што людзям патрэбны іншыя тэмы, мы павінны адваёўваць інфармацыйную прастору. Бо ёсьць нешта яшчэ, іншае, акрамя гэтага татальнага абсурду, гвалту, усяго таго, што робіць рэжым у Беларусі. Гэтае іншае, можа, не такое бачнае, але важнае. Людзі павінны неяк пераключацца, пашыраць інфармацыйную хвалю вось праз такія практыкі сумеснага захаваньня сваёй культурнай спадчыны».

Каманда проста адчувае, што мусіць гэта рабіць, прызнаецца Леся.

«VEHA — гэта праект, які нічога не патрабуе, а прапануе ўсім браць удзел у захаваньні сваёй гісторыі. Асноўная наша мэта ў тым, каб людзі разумелі, што захаваньне культурнай спадчыны — справа кожнага. Мы любім сваю справу, а людзі павінны любіць свае сямейныя архівы, сваю асабістую, прыватную гісторыю, бо гэта гісторыя нашага грамадзтва», — кажа Леся Пчолка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG