ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць высокапастаўленых чыноўнікаў РФ і суднарамонтных прадпрыемстваў

Прэзызэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і віцэ-прэм'ер Дзяніс Мантураў

Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць шэрагу расейскіх фізычных і юрыдычных асоб, сярод якіх віцэ-прэм'ер РФ, кіраўнік Татарстана, а таксама прадпрыемствы расейскага вайскова-прамысловага комплексу.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ведамства.

Агулам Мінфін ЗША ўнёс у санкцыйны рэестар 17 фізычных асоб і больш за два дзясяткі кампаній.

Так, у санкцыйны сьпіс трапілі віцэ-прэмʼер РФ Дзяніс Мантураў, кіраўнік Татарстана Рустам Мініханаў і ягоная жонка, а таксама заснавальнік кампаніі Yota Сяргей Адоньеў і яго сыны.

Таксама ЗША абвясьцілі санкцыі супраць начальніка Упраўленьня прэзыдэнта РФ па забесьпячэньні дзейнасьці Дзяржаўнай рады, супрацоўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандра Харычова і яго намесьніка Барыса Рапапорта, дырэктара ФСВП Аркадзя Госьцева, кіраўніка канцэрну «Калашников» Алана Лушнікава, кіраўніка канцэрну «Алмаз-Антей» Яна Новікава і іншых асоб.

Таксама ў сьпіс санкцый ЗША трапіў шэраг кампаніі расейскага вайскова-прамысловага комплексу. Сярод іх грузавая авіякампанія «Авиакон Цитотранс» і чатыры зьвязаныя зь ёй самалёта Іл-76ТД, Уральскі завод цывільнай авіяцыі (УЗГА), Нацыянальная авіяцыйна-сэрвісная кампанія (НАСК) дзяржкарпарацыі «Ростех» і іншыя.

Мінфін распаўсюдзіў санкцыі і на такія расейскія прадпрыемствы, як «Судноремонтный завод», завод «Звезда», цэнтар суднарамонту «Дальзавод», КБ «Лазурии», іншыя суднарамонтныя і суднабудаўнічыя заводы, а таксама іх замежных партнэраў.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен таксама заявіў, што Дзярждэпартамэнт ЗША ўводзіць візавыя абмежаваньні ў дачыненьні да 531 расейскага вайскоўца. Прычына ўвядзеньня абмежаваньняў, паводле яго, «дзеяньні, якія ставяць пад пагрозу або парушаюць сувэрэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасьць або палітычную незалежнасьць Украіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: краіны Балтыі куплялі ў Расеі газ і прадавалі яго Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША прызналі ПВК «Вагнэр» транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй