Славутаму трэнэру ў фрыстайле Мікалаю Казеку не дазваляюць працаваць нават у дзіцячым спорце

Мікалай Казека

Мікалай Казека, які падрыхтаваў некалькі алімпійскіх чэмпіёнаў і прызэраў у фрыстайле, выказаўся супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары. За гэта яго адхілілі ад працы з атлетамі, а цяпер не дапускаюць і да дзіцячага спорту.

Пакуль адзін з найбольш пасьпяховых спартовых трэнэраў за ўсю гісторыю Беларусі ў пачатку 2021 году ляжаў у лякарні, захварэўшы на каранавірус, яго адхілілі нават ад працы з моладзьдзю, і пасьля вяртаньня ў Рэспубліканскі цэнтар алімпійскага рэзэрву (РЦАП) Мікалай Казека займаўся паперамі, хоць нейкі час да таго фармальна лічыўся галоўным трэнэрам зборнай без фактычнага допуску да трэнаваньняў. Пры гэтым калектыў рыхтаваўся да Алімпіяды-2022 паводле плянаў і напрацовак трэнэра, якія ён склаў за некалькі гадоў да таго, піша спартовы сайт «Трыбуна»​.

Казека даваў нефармальныя парады спартоўцам, калі яны мелі такую патрэбу. У асноўным гэта было падчас летняй падрыхтоўкі да сэзону. Вярнуцца да актыўнай працы з фрыстайлістамі магчымасьці не было — у РЦАП нібыта падрыхтавалі службовую інструкцыю, якая забараняла Казеку ўдзельнічаць у трэнавальным працэсе.

Пры гэтым Казека выступаў у ролі аналітыка для СМІ. Да яго неаднаразова зьвярталіся па камэнтары як беларускія, так і расейскія журналісты, цікавіліся яго думкай аб тэндэнцыях сучаснага фрыстайлу і Алімпіядзе-2022. Выказваўся Казека і наконт заваёвы ягонай падапечнай Ганнай Гуськовай срэбнага мэдаля на Гульнях у Пэкіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін з самых тытуляваных трэнэраў Беларусі не атрымаў новага кантракту з палітычных прычын

Увесну 2022 году ў трэнэра афіцыйна скончыўся кантракт з нацыянальнай зборнай. За месяц да гэтай даты спэцыялісту ўручылі апавяшчэньне пра тое, што пагадненьне не працягнуць. У канцы вясны Казека выйшаў на пэнсію пасьля больш як 35 гадоў працы ў сыстэме беларускага фрыстайлу і амаль 30 гадоў — непасрэдна з нацыянальнай камандай краіны ў ролі галоўнага трэнэра.

Як удалося даведацца «Трыбуне», цяпер Мікалай Казека шмат увагі ўдзяляе здароўю, прагулкам на сьвежым паветры, бавіць час зь сям’ёй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі вядомую спартоўку Надзею Астапчук

Неўзабаве Казеку споўніцца 73 гады, пасьля заканчэньня кантракту з нацыянальнай зборнай ён меў намер вярнуцца ў спорт, але ўжо трэнэрам акрабатыкі, скачкоў на батуце, дзе некалі пачыналася спартовая кар’ера Казекі, піша выданьне. У 1972 годзе ён выйграў чэмпіянат СССР у гэтай дысцыпліне.

Казека хацеў трэнаваць дзяцей, аднак спробы вярнуцца ў спорт аказаліся марнымі, спартовыя ўлады не дазволілі яму заняцца гэтай працай. Падобна, існуе асобная дырэктыва, якая тычыцца славутага трэнэра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трыбуна»: Міністэрства спорту разаслала новыя «чорныя сьпісы» спартоўцаў