На газаправодзе Літва — Латвія адбыўся выбух

Ілюстрацыйнае фота

У Літве 13 студзеня адбыўся выбух на магістральным газаправодзе, які злучае Літву і Латвію. Узьнік моцны пажар, полымя дасягае 50 мэтраў вышыні. На месцы здарэньня працуюць пажарныя. Найбліжэйшая вёска, у якой пражывае каля 200 чалавек, эвакуавана. Прычыны выбуху пакуль незразумелыя.

Паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелых няма.

Як паведамляе літоўскі апэратар газавых сетак Amber Grid, у гэтым месцы газатранспартная сыстэма складаецца з двух паралельных газаправодаў. Падача газу па пашкоджанай выбухам галінцы спынена, другая працягвае функцыянаваць у звычайным рэжыме, таму газазабесьпячэньне спажыўцоў не пацярпела.

Кіраўнік Amber Grid Нямунас Бікніюс заявіў, што папярэдні агляд ня выявіў прыкметаў дывэрсіі, аднак поўная карціна здарэньня вызначыцца падчас расьсьледаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Служба бясьпекі Швэцыі: газаправоды «Паўночнага патоку» былі разбураныя ў выніку дывэрсіі