Ва Ўкраіне праваслаўная аўтакефальная царква на Раство правяла першую службу ў Кіева-Пячэрскай лаўры

Мітрапаліт Епіфаній

Гэта стала магчымым пасьля таго, як прадстаўнікоў Маскоўскага патрыярхату выселілі з будынкаў лаўры, не працягнуўшы ім арэнду.

7 студзеня ва Ўсьпенскім саборы Кіева-Пячэрскай лаўры правялі службу на Раство Хрыстова. Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Епіфаній падчас сваёй сьвяточнай пропаведзі адзначыў, што Божае Нараджэньне «заахвочвае да барацьбы са злом, грахом, цемрай гэтага стагодзьдзя, і безь перамогі ў гэтай барацьбе нельга дасягнуць сапраўднага міру».

«Гэтыя разважаньні асабліва гучаць у нашых сэрцах у час найцяжэйшых выпрабаваньняў вайны, якія перажывае наш украінскі народ. Мы не хацелі гэтай вайны... Больш за тры дзесяцігодзьдзі таму мы вырваліся зь векавога рабства, скінулі ярмо, сталі незалежнымі і пачалі будаваць сваю сувэрэнную дзяржаву. Тыя, хто трымаў нас у палоне, не маглі сьцярпець нашых дасягненьняў і посьпехаў. Д’ябальская злосьць і зайздрасьць падштурхнулі іх пачаць вайну, але яны абавязкова пацерпяць у ёй паразу, бо праўда на нашым баку», — сказаў ён.

Кіраўнік ПЦУ нагадаў, што Ўкраіна ўжо разбурыла пляны Расеі па хуткай акупацыі і мае падтрымку сьвету:

«Мы ўжо дасягнулі маральнай перамогі, бо ўсе людзі добрай волі асуджаюць акты генацыду, тэрор і шматлікія ваенныя злачынствы, учыненыя злой расейскай імпэрыяй на нашай зямлі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Царкоўная дэмакратыя падчас вайны. Ва Ўкраіне паступова пераходзяць на сьвяткаваньне Калядаў 25 сьнежня

У сваёй прамове кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату ўзгадаў украінскіх вайскоўцаў, жыхароў акупаваных тэрыторый, палонных і ўцекачоў.

«Сёньня самыя цёплыя малітвы і самыя шчырыя пажаданьні гучаць за нашых новых герояў. Успомнім і нашых братоў і сясьцёр, якія вымушаныя адзначаць сьвяты ў няволі, на часова акупаваных украінскіх землях. Узгадаем аб нашых вайскоўцах і цывільных вязьнях і іншых несправядліва зьняволеных і просім у Госпада іх абароны і хутчэйшага вызваленьня», — заклікаў Епіфаній.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мару пасьля вайны прыехаць у Беларусь і служыць на беларускай мове». Сьвятар — пра вайну і службы ў акопах

Украінская дзяржава вярнула ў сваю ўласнасьць два ключавыя храмы Кіева-Пячэрскай лаўры — Усьпенскі сабор і Трапезную царкву. Зараз невядома, ці будуць гэтыя храмы перададзены ПЦУ ў доўгатэрміновую арэнду. Раней міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандар Ткачэнка паведаміў, што запаведнік «Кіева-Пячэрская лаўра» даў ПЦУ дазвол на правядзеньне богаслужбаў на адзін дзень — 7 студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскоўскаму патрыярхату не працягнулі арэнду памяшканьняў Кіева-Пячорскай ляўры. Мітрапаліт УПЦ МП паскардзіўся Зяленскаму