Украінскія вайскоўцы і расейскія блогеры заявілі аб сотнях загінулых мабілізаваных РФ у Макееўцы. У Маскве прызналі 63 забітых

Комплекс HIMARS украінскай арміі

Некалькі сотняў расейскіх вайскоўцаў загінулі ў навагоднюю ноч у акупаванай Макееўцы Данецкай вобласьці — аб гэтым паведаміла Упраўленьне стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны 1 студзеня.

Паводле Ўпраўленьня, расейскіх вайскоўцаў і мабілізаваных адвезьлі ў будынак Політэхнічнага вучылішча № 19 у горадзе.

«У выніку „неасьцярожнага абыходжаньня з награвальнымі прыборамі“, грэбаваньнем мерамі бясьпекі, курэньнем у неўстаноўленым месцы, Санта спакаваў у мяшкі каля 400 трупаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Акрамя таго, расейскія прапагандысцкія каналы заявілі аб удары па Макееўцы нібыта з комплексу HIMARS, паведамляе расейская служба Радыё Свабода.

У прыватнасьці, расейскі праваенны канал «Царьград» паведаміў, што ў мясцовых чатах колькасьць загінулых ацэньваюць сотнямі людзей. Прарасейскі канал «Оперативные сводки» паведаміў пра 500 загінулых. Расейскі вайсковы блогер Барыс Рожын, які асьвятляе вайну, паведаміў у тэлеграме, што на вечар 1 студзеня «завалы яшчэ разьбіраюць».

Генштаб раней пацьвердзіў паражэньне месцаў засяроджваньня расейскіх сіл у некалькіх населеных пунктах на акупаванай частцы Запароскай вобласьці 31 сьнежня.

Мінабароны Расеі заявіла, што ў выніку ўдара УСУ ў Макееўцы загінулі 63 расейскія вайскоўцы.

Расійскія франтавыя блогеры пішуць, што насамрэч на гэты момант з-пад руін дасталі больш за 200 целаў, разбор руін працягваецца. Такая вялікая колькасьць ахвяр зьвязаная з кучнасьцю разьмяшчэньня і з захоўваньнем у тым жа будынку боекамплекту.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO заявіў аб падрыхтоўцы новага наступу Расеі і паабяцаў дапамагаць Украіне да перамогі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Ўкраіны: «У пачатку студзеня Расея абвесьціць чарговую мабілізацыю і закрые межы разам зь Беларусьсю»