Харватыя ўступіла ў Шэнгенскую зону і перайшла на эўра. Што гэта дасьць беларусам

Сьцяг Харватыі

Першага студзеня Харватыя ўступіла ў Шэнгенскую зону, стаўшы 27-й удзельніцай аб'яднаньня, паміж краінамі якога няма памежнага кантролю. Акрамя таго, дзяржава далучылася да зоны эўра і пачала выкарыстоўваць адзіную эўрапейскую валюту замест нацыянальнай валюты куна і стала 20-й з 27 краін, якія перайшлі на эўра.

Для пераходу на эўра Заграб павінен быў выканаць шэраг эканамічных умоваў, у прыватнасьці забясьпечыць стабільны абменны курс і нізкую інфляцыю.

У рамках паэтапнага ўкараненьня эўра ў Харватыі ў першы дзень 2023 году адключана больш за палову банкаматаў. У іх загружаюць новыя банкноты. Харвацкая куна і эўра будуць раўнапраўна выкарыстоўвацца для наяўных разьлікаў толькі два тыдні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Харватыя ўвойдзе ў Шэнгенскую зону з 1 студзеня 2023 году. Уступ Румыніі і Баўгарыі заблякавалі

У ліпені Харвацкі манэтны двор пачаў чаканіць манэты эўра з нацыянальнымі матывамі краіны. У лістападзе 2022 года харвацкі парлямэнт прыняў першы дзяржаўны бюджэт краіны, намінаваны ў эўра.

Уваходжаньне Харватыі ў Шэнгенскую зону таксама дасьць штуршок ключавой індустрыі турызму, на долю якога прыпадае 20% ВУП краіны.

Цяпер беларусы, у якіх ёсьць шэнгенская віза, будуць мець магчымасьць уяжджаць у Харватыю і вольна перамяшчацца ў межах Шэнгенскай зоны. Краіна таксама атрымала права выдаваць шэнгенскія візы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад бюракратыі можна звар’яцець, але людзі вельмі душэўныя». Плюсы і мінусы жыцьця ў Харватыі