Human Constanta адказала на артыкул «Беларусь сегодня», у якім Насту Лойку вінавацяць у «шпіянажы»

Наста Лойка

20 сьнежня «Беларусь сегодня» апублікавала артыкул, у якім праваабаронцу Human Constanta Насту Лойку і саму арганізацыю абвінавачваюць ў стварэньні шпіёнскай сеткі.

Human Constanta адрэагавала на публікацыю дзяржаўнага выданьня «СБ. Беларусь сегодня».

«З самага свайго заснаваньня праваабарончая арганізацыя Human Constanta ажыцьцяўляла дзейнасьць выключна мірнага і праваабарончага характару. Мы хочам падкрэсьліць, што такая дзейнасьць зьяўляецца правамернай і гарантаваная праваабаронцам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Дэклярацыяй аб праваабаронцах, зацьверджанай Генасамблеяй ААН 9 сьнежня 1998 году», — заявілі ў арганізацыі і падкрэсьлілі, што ўсе абвінавачаньні, якія прыводзяцца ў артыкуле, зьяўляюцца неабгрунтаванымі.

«Мы, як і раней, будзем працягваць сваю праваабарончую дзейнасьць і далей адстойваць правы чалавека для кожнага, а таксама патрабаваць спыніць усе спробы перасьледу і ціску на беларускіх праваабаронцаў у сувязі з ажыцьцяўленьнем імі прафэсійнай дзейнасьці», — адзначылі ў Human Constanta.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы Лойцы зноў прысудзілі 15 сутак. Яе тэрмін зьняволеньня вырас да 90 дзён

Хто такая Наста Лойка

Наста Лойка прыйшла ў валянтэрскую службу Праваабарончага цэнтру «Вясна» яшчэ падлеткам. 8 гадоў адпрацавала ў грамадзкай прымальні «Вясны». У 2018 годзе стала сузаснавальніцаю праваабарончай арганізацыі Human Constanta.

У Human Constanta Наста займалася абаронай правоў замежных грамадзян і людзей без грамадзянства. Працавала над праблемамі рэпрэсіўнага «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, нефармальнай адукацыі ў сфэры правоў чалавека.

І «Вясну», і Human Constanta ўлады Беларусі зьліквідавалі.

Саму Насту за апошнія месяцы некалькі разоў затрымлівалі і арыштоўвалі. Апошні раз Насту Лойку затрымалі 28 кастрычніка, пасьля чаго ёй чатыры разы запар прысуджалі адміністрацыйны арышт.

Праваабаронцы прызналі Насту Лойку палітзьняволенай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі адміністрацыйна арыштаваных Вольгу Анішук, Уладзіслава Багамольнікава і Насту Лойку