Намесьніку дырэктара менскага «Гораўтамоста» прысудзілі 5 гадоў «хатняй хіміі» за абвал моста на Нямізе
Разбураны мост над вуліцай Нямігай
Мэнэджара абвінавацілі ў службовай халатнасьці.
Суд Цэнтральнага раёну Менску пачаў разглядаць крымінальную справу аб разбурэньні моста над вуліцай Нямігай 8 лістапада.
Абвінавачаньне ў службовай нядбайнасьці выставілі намесьніку дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Гараўтамост». Паводле вэрсіі абвінавачаньня, ён ведаў аб прагрэсаваньні дэфэктаў рыгеля прамежкавай апоры моста, аднак не арганізаваў іх ліквідацыю, калі тыя яшчэ былі не небясьпечнымі.
У выніку суд пакараў яго 5 гадамі «хатняй хіміі» за службовую нядбайнасьць.
Пешая частка моста на Нямізе абвалілася ўначы 8 студзеня 2022 году. Улады Менску заявілі, што абвал адбыўся праз стомленасьць канструкцыяў, абумоўленай у тым ліку скачкамі тэмпэратуры і работай мэтро. Мост цалкам дэмантавалі і за месяц узьвялі новы.
Мост церазь Нямігу пабудавалі ў 1962 годзе. У 2017-м правялі ягоны касмэтычны рамонт, а летась зрабілі тэхнічнае заключэньне стану апорнай канструкцыі ды прыйшлі да высновы, што яна ў норме.