У парлямэнце Чэхіі абмеркавалі катастрофу з правамі чалавека ў Беларусі і зьвярнуліся да афіцыйнага кіраўніка беларускіх дэпутатаў

Дэбаты аб Беларусі ў чэскім парлямэнце, 9 сьнежня 2022 г. Выступае сьпікерка парлямэнту Маркета Пэкарава Адамава

Намесьнік старшыні Аб’яднагага пераходнага кабінэту Павал Латушка і дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук выступілі ў парлямэнце Чэхіі з абмеркаваньнем сытуацыі ў Беларусі.

Напярэдадні Дня правоў чалавека ў парлямэнце Чэхіі арганізавалі абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі.

Сьпікерка парлямэнту Чэхіі Маркета Пэкарава Адамава, якая адкрывала слуханьні, а таксама іншыя выступоўцы гаварылі пра катастрофу з правамі чалавека і законнасьцю ў Беларусі ды пра лёс палітвязьняў.

Павал Латушка, аналізуючы беларуска-расейскія адносіны і магчымы ўдзел беларускага войска ў вайне супраць Украіны, называў канец зімы — пачатак вясны як час магчымага забурэньня, які можа выклікаць незваротныя перамены.

Дэбаты аб Беларусі ў чэскім парлямэнце, 9 сьнежня 2022 г. Выступае амбасадар Літвы ў Чэхіі

Аляксандар Лукашук параўнаў сучаснае беларускае грамадзтва з архаічнай каставай структурай, часткова перавернутай. Наверсе вярхоўны брахман, а адразу за ім каста недатыкальных — сілавікі, супрацоўнікі рэпрэсіўнай праваахоўныя сыстэмы і іх сем’і. Ніжэй звычайныя працаўнікі на заводах, у калгасах, школах і шпіталях, а на самым нізе — нацыянальная эліта: інтэлектуальная, культурніцкая, навуковая, грамадзянская, якая ня мае правоў, перасьледаваная, загнаная ў турму ці на выгнаньне.

Увагу прысутных выклікаў шчыры аповед Паўла Латушкі пра брата, які знаходзіцца ў турме: яго білі каля 50 разоў, арыштавалі жонку, брату не дазваляюць пісаць і атрымліваць лісты па-беларуску, бо турэмны цэнзар ня ведае беларускае мовы. Аляксандар Лукашук зачытаў па-чэску апошні ліст Вацлава Гаўла, адрасаваны беларускім палітвязьням у 2011 годзе, за тры дні да сьмерці. Чацьвёра з адрасатаў Гаўла сёньня за кратамі.

Сьпікерка парлямэнту Чэхіі Маркета Пэкарава Адамава арганізавала ліст у абарону Дар’і Лосік, зьняволенай 18 кастрычніка сёлета. Ліст адрасаваны ў Менск сп. Андрэйчанку, які кіруе Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Ініцыятыву старшыні парлямэнту Чэхіі падтрымалі сьпікеркі парлямэнтаў Бэльгіі, Кіпру, Літвы, Польшчы, Славеніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпікерка чэскага парлямэнту напісала ліст з патрабаваньнем вызваліць Дар’ю Лосік