Паручальнікаў гамяльчанкі Алены Кравец, якая зьбегла ад суду, пакаралі вялікімі штрафамі

Ілюстрацыйнае фота

У Гомельскім абласным судзе 26 кастрычніка разглядалі крымінальную справу Алены Кравец, якую абвінавацілі ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці па ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядаў судзьдзя Васіль Бягун, паведамляе «Вясна».

На стадыі папярэдняга сьледзтва па хадайніцтве знаёмых і сваякоў Алене Кравец абралі меру стрыманьня ў выглядзе асабістага паручальніцтва. Паручальнікі азнаёміліся пад росьпіс з наступствамі для іх у выпадку невыкананьня Аленай абавязацельства аб яўцы на патрабаваньне органаў крымінальнага перасьледу і суда.

Па заканчэньні судовага сьледзтва і выступу пракурора ў спрэчках суд абвясьціў перапынак. На наступнае пасяджэньне 31 кастрычніка Алена Кравец не зьявілася, адвакат таксама ня ведаў прычын яе адсутнасьці.

Тады абвінавачаньне запрасіла для Алены пазбаўленьне волі тэрмінам на 2 гады ў калёніі агульнага рэжыму. Пастановай судзьдзі Гомельскага абласнога суда Алена Кравец была аб’яўлена ў вышук, меру стрыманьня ёй зьмянілі на заключэньне пад варту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 сьнежня: 9 артыкулаў КК і 9 гадоў турмы гарадзенцу; 4 гады настаўніцы з Хойнікаў за кантакт зь «Беларускім Гаюном»

На патрабаваньне пракуратуры сьледчы склаў у дачыненьні да дваіх паручальнікаў пратаколы і сабраў неабходныя матэрыялы, якія накіраваў у суд для разгляду. З улікам пазыцыі пракурора суд Цэнтральнага раёну Гомля наклаў на 57-гадовую С. грашовае спагнаньне ў памеры 3,2 тысячы рублёў, а на 66-гадовага Ф. — 3,84 тысячы рублёў.

Алену Кравец першапачаткова затрымалі 26 ліпеня непасрэдна на працоўным месцы. Тады яе адпусьцілі на наступны дзень і прысудзілі штраф па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў). 4 жніўня Алену зноў затрымалі, ужо ў межах крымінальнай справы.

Мужа Алены Кравец таксама выклікалі ў Сьледчы камітэт, дзе сьцьвярджалі, што ён таксама перасылаў жонцы забароненую інфармацыю, але нічога падазронага ў яго тэлефоне так і не знайшлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 сьнежня: арыштавалі фэрмэраў у Браслаўскім раёне і ўдзельніка пратэстаў, які вярнуўся з Латвіі