«У гадавіну Будапэшцкага мэмарандуму тэма калектыўных гарантыяў для РФ выглядае вельмі інтрыгоўна. Але калі выпрошваеце, то… Украіна гатовая гарантаваць бясьпеку РФ у абмен на татальную адмову Масквы ад ядзернай зброі. Падпісаць дамову можам у тым жа горадзе — Будапэшце, Вугоршчына», — напісаў у твітэры дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк.
У річницю Будапештського меморандуму тема «колективних гарантій для Рф» виглядає вкрай інтригуюче. Але якщо випрошуєте, то… Україна готова гарантувати безпеку Рф в обмін на тотальну відмову Москви від ядерної зброї. Підписати договір можемо у тому ж місті – Будапешті, Угорщина.
— Михайло Подоляк (@Podolyak_M) December 5, 2022
Напярэдадні, 4 сьнежня, сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў раскрытыкаваў ідэю наданьня «гарантыяў бясьпекі» Расеі, назваўшы такую ідэю праяваю «дзіўнай лёгікі паддывановай дыпляматыі, час якой скончыўся».
Паводле Аляксея Данілава, дэнуклеарызаваная і дэмілітарызаваная Расея стане найлепшай гарантыяй міру для Эўропы і сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня тая сытуацыя, калі трэба ісьці на саступкі Маскве». Як Захад ацэньвае пазыцыі Крамля і ці пойдзе Кіеў на мірныя перамовы?Аб тым, што хаўрусьнікам па NATO неабходна падумаць, якія гарантыі бясьпекі яны могуць даць Расеі, калі яна пагодзіцца вярнуцца за стол перамоваў з Украінай, заявіў 3 сьнежня ў інтэрвію тэлеканалу TF1 прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. На ягоную думку, гэтае пытаньне магло б абмяркоўвацца ў кантэксьце новай архітэктуры бясьпекі ў Эўропе пасьля завяршэньня вайны.
Між тым, кіраўнік уладнай фракцыі «Слуга народу» у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Давід Арахамія пералічыў патрабаваньні да Расеі, пры выкананьні якіх Украіна гатовая сесьці за стол перамоваў.
«Украіна гатовая даць Расеі гарантыі бясьпекі. Для гэтага дастаткова: пакінуць тэрыторыю нашай краіны; выплаціць рэпарацыі; пакараць усіх ваенных злачынцаў; добраахвотна здаць ядзерную зброю. Пасьля гэтага мы гатовыя сесьці за стол перамоваў і пагаварыць аб гарантыях бясьпекі», — напісаў Арахамія ў тэлеграме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн выказаў гатоўнасьць весьці перамовы з Пуціным, калі той захоча скончыць вайну ва Ўкраіне