Вайсковы дрон расейскай дзяржкарпарацыі «Алмаз-Антэй» амаль не адрозьніваецца ад кітайскай цацкі

Створаны для расейскага войска робат «Дабрыня», прадстаўлены дзяржаўным канцэрнам «Алмаз-Антэй», хутчэй за ўсё, зьяўляецца копіяй кітайскага квадракоптара. Кошт кітайскай прылады ў інтэрнэт-крамах — каля 560 даляраў. Кошт расейскага дрона — больш за дзве тысячы даляраў за штуку.

На гэта зьвярнулі ўвагу пракрамлёўскія блогеры.

Пра новы прадукт «Алмаз-Антэя» падрабязна расказваў расейскі тэлеканал НТВ. У сюжэце гаворыцца, што апарат з расейскіх дэталяў выпускаюць на Абухоўскім заводзе ў Санкт-Пецярбургу. Распрацоўка, як сьцьвярджаецца, заняла чатыры месяцы.

Блогеры зьвярнулі ўвагу, што расейскі дрон моцна нагадвае кітайскую распрацоўку iFlight Nazgul5 Evoque, ад якой адрозьніваецца толькі прышрубаваным зьверху абцякальным корпусам зь лягатыпам «Дабрыня».

У сюжэце расейскага Пятага каналу аб расейскай распрацоўцы ў кадры зьяўляецца канструктар з «Алмаз-Антэя» і заяўляе, што хуткасьць апарата ў залежнасьці ад нагрузкі можа дасягаць 150-180 кілямэтраў за гадзіну. Гэта адпавядае характарыстыкам Nazgul5, зазначае выданьне The Insider.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Паветраных сілах Украіны расказалі, якую авіяцыйную тэхніку Расея трымае на аэрадромах у Беларусі

З пачатку ўварваньня ва Ўкраіну расейская армія адчувае рэзкі недахоп выведвальных і цэлепаказальных сродкаў. Праваенныя валянтэры пастаўляюць у войскі бытавыя дроны, у асноўным кітайскай вытворчасьці. У кастрычніку эстонская мытня перадала партыю такіх прыладаў Ўкраіне.

Акрамя таго, расейскае войска выкарыстоўвае ва Ўкраіне дроны вытворчасьці канцэрну «Калашнікаў» і іранскай вытворчасьці. У лістападзе газэта The Washington Post паведамляла, што Масква і Тэгеран дамовіліся аб вытворчасьці іранскіх бесьпілётнікаў у Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея магла таемна паставіць Ірану захопленыя ва Ўкраіне заходнія ракетныя комплексы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за мільён даляраў на дроны, паўтара мільёна на начныя прыцэлы. Як абнаўляецца беларускае войска
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: у Беларусі ствараюць часткі апэратараў баявых бесьпілётнікаў, Расея атакуе дронамі Днепрапятроўскую вобласьць