Эўразьвяз распрацуе плян канфіскацыі замарожаных расейскіх актываў на карысьць Украіны

Урзуля фон дэр Ляен

Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла 30 лістапада, што Брусэль сумесна з партнэрамі распрацуе плян канфіскацыі замарожаных расейскіх актываў з мэтай перадаць іх на аднаўленьне Ўкраіны і кампэнсаваць шкоду, нанесеную расейскім уварваньнем.

«Расея павінна фінансава заплаціць за нанесеныя ёю разбурэньні. Страты, нанесеныя Ўкраіне, ацэньваюцца ў 600 мільярдаў эўра. Расея і яе алігархі павінны кампэнсаваць Украіне страты і пакрыць выдаткі на аднаўленьне краіны. І мы маем сродкі прымусіць Расію заплаціць. Мы заблякавалі 300 мільярдаў эўра рэзэрваў расейскага Цэнтральнага банку і замарозілі 19 мільярдаў эўра грошай расейскіх алігархаў», — сказала фон дэр Ляен.

Яна таксама ацаніла людзкія страты Ўкраіны ў вайне супраць Расеі ў 100 тысяч вайскоўцаў і 20 тысяч цывільных асобаў, паведамляе «Эўрапейская праўда».

«Уварваньне Расеі ва Ўкраіну прынесла сьмерць, разбурэньне і невымоўныя пакуты, мы ўсе памятаем жахі Бучы. Расея павінна заплаціць за свае жудасныя злачынствы. Таму мы прапануем стварыць пры падтрымцы ААН спэцыялізаваны суд для расьсьледаваньня і крымінальнага перасьледу злачынства расейскай агрэсіі, мы гатовыя пачаць супрацоўніцтва з міжнароднай супольнасьцю, каб мець самую шырокую міжнародную падтрымку», — сказала яна.

«Украінская праўда» папрасіла прэс-прадстаўніка Узброеных сіл Украіны Юрыя Сеніка пракамэнтаваць лічбу ўкраінскіх стратаў, агучаную Урзуляй фон дэр Ляен.

«Мы ня можам пацьвердзіць гэтую лічбу, падкрэсьліваем, што страты ўкраінскай арміі зьяўляюцца афіцыйнай інфармацыяй і падлягаюць абмежаваньню на публікацыю. Адначасна, калі тое, што заявіла кіраўніца Эўракамісіі, дазволіць прыцягнуць краіну-агрэсара да адказнасьці, мы можам толькі падтрымаць дзеяньні, якія будуць спрыяць законнаму пакараньню тых, хто зьдзейсьніў генацыд украінскага народу», — сказаў Юрый Сенік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO на саміце альянсу ў Бухарэсьце: «Мы ня можам дазволіць Пуціну перамагчы»