Станіслаў Зась: «АДКБ ня ў поўнай меры гатовая да гібрыдных атак»

Станіслаў Зась

Генэральны сакратар Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) заявіў аб фактычнай негатоўнасьці альянсу рэагаваць на вонкавае ўзьдзеяньне.

Аб гэтым Станіслаў Зась заявіў у эфіры тэлеканалу АНТ.

«Прысутнічаюць розныя формы гібрыднага ўзьдзеяньня: і чыста ваенныя, і санкцыйна-эканамічныя, і інфармацыйныя, і палітычныя ціскі — усё гэта ў комплексе. Я б сказаў, што не, ня ў поўнай меры зараз гатова АДКБ да такога кшталту супрацьдзеяньня».

Ён лічыць, што за 20 гадоў «адбылася вельмі моцная трансфармацыя»: АДКБ усё больш ператвараецца «ў комплексную пляцоўку для гарантаваньня бясьпекі нашых дзяржаў».

«Гэта ня толькі ваенныя пагрозы, гэта і пагрозы тэрарыстычнага характару, гэта і наркатрафік, гэта і злачыннасьць, у тым ліку ў сфэры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій. Мы яшчэ не гатовыя, але да гэтага мы ідзём», — мяркуе Зась.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зась пакідае пасаду генэральнага сакратара АДКБ. Раней Лукашэнка цікавіўся, ці не заседзеўся той у Маскве

Саміт АДКБ, які прайшоў у Ерэване, скончыўся 23 лістапада тым, што прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян адмовіўся падпісваць праекты дэклярацыі Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ і дакумэнту аб сумесных мерах па аказаньні дапамогі Армэніі.

Ягоная краіна незадаволеная тым, што блёк ніяк не дапамог у змаганьні з Азэрбайджанам, больш за тое, назваў урад у Баку сяброўскім і заявіў, што памежны канфлікт дзьвюх дзяржаў ня справа АДКБ.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў, камэнтуючы вынікі саміту, сказаў, што пра выхад Армэніі з АДКБ размова, аднак, не ідзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Армэніі Пашыньян адмовіўся падпісваць дакумэнты на саміце АДКБ. Лукашэнка кажа, што армянскія папраўкі не прайшлі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Калі абрынецца Расея, то пад гэтымі абломкамі і наша месца»