Эўрапол выкрыў міжнародную банду. Арышты і ператрусы адбыліся ў дзесяці краінах

Наркатычныя рэчывы, ілюстрацыйнае фота

Паліцэйскае агенцтва Эўразьвязу — Эўрапол — арыштавала 44 удзельнікаў наркагрупоўкі. У беспрэцэдэнтнай акцыі ўдзельнічаюць некалькі краін.

Эўрапейскім праваахоўным органам і юстыцыі ўдалося выявіць злачынную групоўку, якая дзейнічае па ўсім сьвеце. Паводле зьвестак Эўраполу і Эўраюсту, у выніку аблаваў у 10 краінах арыштаваныя 44 чалавекі. Акрамя абвінавачаньняў у гандлі наркотыкамі і адмываньні грошай, гэтыя людзі падазраюцца ў прыналежнасьці да адной з самых небясьпечных груповак, якія дзейнічаюць у ЭЗ, піша Deutsche Welle.

Паводле сьледзтва, некалькі злачынных груповак з трох кантынэнтаў супрацоўнічалі паміж сабой пры буйных злачынствах як у ЕЗ, так і за яго межамі. У працэсе пошуку лідэраў і іхных памагатых паліцыя 22 лістапада правяла агулам 94 ператрусы.

Мяркуецца, што ў міжнародную банду ўваходзяць крымінальнікі ў Літве, Латвіі, Чэхіі, Польшчы, Францыі, Нямеччыне і Славаччыне. Па дадзеных Эўраполу і Эўраюсту, маштабы гандлю наркотыкамі велізарныя. Падчас рэйду былі канфіскаваныя вялікія колькасьці незаконных рэчываў, у тым ліку какаін, гашыш, марыхуана і мэтамфэтамін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казацкі атаман і шматкроць засуджаны за наркотыкі. Яшчэ двое грамадзян Беларусі загінулі на вайне за Расею

Злачынны сындыкат спрабуе цалкам кантраляваць ланцужок наркатрафіку ад арганізацыі масавых паставак наркотыкаў да распаўсюду.

У «беспрэцэдэнтнай міжнароднай апэрацыі» ўдзельнічалі судовыя і праваахоўныя органы адзінаццаці краін, у тым ліку Нямеччыны, ЗША, Францыі і Гішпаніі. Расьсьледаваньне праводзілі літоўскія ўлады зь міжнароднай каардынацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне раскрылі наркабанду з удзелам грамадзян Беларусі, якія прадавалі наркотыкі вайскоўцам. Яе курыравалі спэцслужбы РФ