У Сэрбіі ў выніку ўзброенай сутычкі затрымалі 600 мігрантаў

Паведамляюць, што сярод затрыманых пераважна маладыя людзі з краін Блізкага Ўсходу (ілюстрацыйнае фота)

На поўначы Сэрбіі, недалёка ад мяжы з Вугоршчынай, мінулай ноччу адбыліся сутыкненьні дзьвюх групаў мігрантаў з ужываньнем агнястрэльнай зброі, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода. Паранены адзін чалавек.

Паведамляецца, што праваахоўнікі затрымалі больш за 600 замежных грамадзян, пераважна маладых мужчын з краінаў Блізкага Ўсходу. У іх знайшлі агнястрэльную і іншую зброю. Да апэрацыі прыцягнулі гелікоптэры і дроны. На месца прыбыў міністар унутраных справаў Браціслаў Гашыч.

Паліцыя правяла праверкі таксама ў Субоціцы і Бялградзе.

У СМІ паказалі кадры з намётавага мястэчка недалёка ад мяжы і закінутыя фэрмы, у якіх знаходзяцца мігранты, а таксама людзей у масках з аўтаматамі, якія ідуць вуліцамі прымежнага мястэчка Хоргаш.

Мігранты прыбываюць на поўнач Сэрбіі, каб незаконна перасячы мяжу з Вугоршчынай. Вугорскія памежнікі вяртаюць у Сэрбію ўсіх, каго затрымаюць у памежнай зоне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яе экспэртыза». Беларускі запусцілі флэшмоб, у якім расказваюць пра свае прафэсійныя праблемы і посьпехі