Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што жыхарам сталіцы Ўкраіны трэба разгледзець варыянт часовага выезду з гораду пры перабоях з электрычнасьцю, падачай вады і цяпла праз расейскія ракетныя удары.
«Калі хтосьці з вас мае дом у прадмесьці Кіева, калі маеце знаёмых або сяброў з домам, дзе ёсьць печ, цяпло, незалежнае водазабесьпячэньне, то было б нядрэнна разьлічваць, каб там часова пабыць», — цытуюць выступ Клічко «РБК-Украіна» і «Политика страны».
У гэты момант, падкрэсьліў Клічко, пра эвакуацыю жыхароў Кіева не ідзецца. «Але мы разглядаем магчымасьць таго, што частка людзей можа пераехаць у прадмесьці Кіева: дзіцячыя дамы, прытулкі для старых. Назваць эвакуацыяй гэта нельга, а вось часовы пераезд пэўных групаў насельніцтва мы разглядаем. Але зараз гаворкі пра гэта ня йдзе. Але нам трэба мець розныя сцэнары дзеяньняў», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ні сьвятла, ні цяпла, ні сувязі. Як Украіна аднаўляецца пасьля чарговай маштабнай ракетнай атакі Расеі- Пасьля масавага расейскага абстрэлу 23 лістапада ў Кіеве, паведаміла ўвечары 24 лістапада гарадзкая вайсковая адміністрацыя, каля 70% жылога фонду Кіева знаходзіцца ў рэжыме аварыйнага адключэньня электраэнэргіі, але пастаўкі вады ўва ўсіх раёнах сталіцы адноўленыя.
- У пачатку лістапада кіраўнік гарадзкога дэпартамэнту муніцыпальнай бясьпекі Кіева Раман Ткачук у інтэрвію The New York Times заявіў, што ўлады гораду разглядаюць варыянт эвакуацыі ўсіх жыхароў у выпадку поўнага адключэньня электразабесьпячэньня і, у выніку, спыненьня працы каналізацыі, падачы вады і цяпла. Пасьля таго як гэтая цытата з інтэрвію Ткачука шырока разышлася, улады Кіева патлумачылі, што разглядаюць усе варыянты разьвіцьця падзеяў, але пра эвакуацыю ў гэты момант не ідзецца.