Пасьля расейскіх нападаў Украіна ініцыявала тэрміновае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН

Уладзімер Зяленскі

Украіна зьвяртаецца ў ААН з просьбай правесьці тэрміновае пасяджэньне Рады бясьпекі пасьля сёньняшняга масаванага расейскага абстрэлу, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Я даручыў амбасадару Ўкраіны ў ААН зьвярнуцца з просьбай аб тэрміновым скліканьні Рады Бясьпекі ААН пасьля сёньняшніх расейскіх ракетных удараў. Забойства мірнага насельніцтва, зьнішчэньне крытычнай інфраструктуры — гэта тэрарызм, і Ўкраіна будзе працягваць патрабаваць ад сьвету рашучага адказу на гэтыя злачынствы», — напісаў ён у Twitter.

«Украіну не напалохаюць баязьлівыя бесчалавечныя тэракты расейскіх ваенных злачынцаў!» — дадаў Зяленскі.

Пасьля сёньняшніх нападаў з боку Расейскай Фэдэрацыі дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што гэтая «жахлівая тактыка» ня зломіць рашучасьці Ўкраіны і яе партнэраў.

«Мільёны людзей па ўсёй Украіне знаходзіліся ў сховішчах, калі Расея сёньня зноў запусьціла ракеты. Пастаянныя атакі на аб’екты інфраструктуры накіраваныя на тое, каб трымаць мірнае насельніцтва Ўкраіны ў цемры і холадзе. Гэтая жудасная тактыка ня зломіць рашучасьці Ўкраіны і яе партнэраў», — напісаў ён у Twitter.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пасьля ракетнай атакі Расеі аварыйна спынілі ўсе АЭС. Улады кажуць, што небясьпекі няма

23 лістапада Расея нанесла чарговы інтэнсіўны ракетны ўдар па Кіеве і іншых населеных пунктах Украіны. Паводле ўладаў, у выніку атакі на Кіеў загінулі тры чалавекі, у тым ліку 17-гадовая дзяўчына. Яшчэ 11 чалавек атрымалі раненьні. Паводле зьвестак паліцыі, усяго загінулі шэсьць чалавек, яшчэ 36 атрымалі раненьні.

Як паведамілі ў Генштабе Ўзброеных сілаў Украіны, удары з боку расейцаў трапілі ў жылыя дамы, ЦЭЦ і падстанцыі ў Кіеве, Кіеўскай, Віньніцкай, Львоўскай і Запароскай абласьцях. Расея выпусьціла па Ўкраіне 70 ракет, большасьць зь іх былі зьбітыя сіламі СПА.

Масква, нягледзячы на шматлікія сьведчаньні, адмаўляе кропкавыя напады на мірных жыхароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт абвясьціў Расею дзяржавай — спонсарам тэрарызму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што задакумэнтавалі дзясяткі тысяч сэксуальных злачынстваў расейцаў супраць украінцаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абстраляла радзільню ў Запароскай вобласьці. Загінула немаўля