Улады Канады заявілі аб падтрымцы дэмакратычнага руху ў Беларусі

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская зь міністрам замежных справаў Канады Мэляні Жалі

Падчас візыту дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай ў Канаду сваю падтрымку ёй і усёй беларускай апазыцыі выказалі прэм’ер-міністар краіны Джастын Трудо і міністарка замежных справаў Мэляні Жалі.

Сьвятлана Ціханоўская падчас свайго візыту ў Канаду сустрэлася зь міністрам замежных справаў краіны Мэляні Жалі, зь якой абмеркавала парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны і падтрымку дэмакратычнага руху.

«Дзякуй, Сьвятлана, за вашае лідэрства. Канада побач з вамі», — напісала пасьля размовы зь Ціханоўскай Мэляні Жалі.

Ціханоўская ў сваю чаргу пацьвердзіла «цьвёрдую падтрымку Канадаю свабоднай і дэмакратычнай Беларусі» і падзякавала Жалі за «цёплую сустрэчу».

Ціханоўская таксама адзначыла, што вітае рашэньне аб увядзеньні Канадай новага пакету санкцыяў супраць кампаніяў і прыватных асобаў, якія падтрымліваюць тэрор супраць беларусаў і вайну Пуціна супраць Украіны.

Новыя санкцыі анансаваў прэм’ер-міністар краіны Джастын Трудо.

«Канада падтрымлівае лідэра беларускай апазыцыі Сьвятлану Ціханоўскую і дэмакратычны рух у Беларусі. На гэтым тыдні, вітаючы яе ў Канадзе, мы робім далейшыя крокі для яшчэ большага ціску на беларускае кіраўніцтва», — заявіў Трудо.

«Канада накладае санкцыі яшчэ на 22 беларускія службовыя асобы, у тым ліку тых, хто мае дачыненьне да разьмяшчэньня і перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая ўдзельнічала ва ўварваньні ва Ўкраіну. — Канада таксама ўводзіць санкцыі яшчэ супраць 16 беларускіх кампаній, зьвязаных з вайсковай прамысловасьцю, тэхналёгіямі, машынабудаваньнем, банкаўскай справай і чыгуначнымі перавозкамі», — напісаў палітык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцай Мінабароны Канады, сэнатарамі ЗША і Парашэнкам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. ФОТА