Актывіста Маркелава, які правёў акцыю ў IKEA ў Празе, вызвалілі. Ён распавёў Свабодзе пра затрыманьне

Пятро Маркелаў падчас затрыманьня чэскай паліцыяй, 18 лістапада 2022 году

Беларускага актывіста Пятра Маркелава, які 18 лістапада правёў акцыю ў IKEA ў Празе, вызвалілі праз 6 гадзінаў пасьля затрыманьня.

Цяпер ён чакае рашэньня пракурора.

Вось што сам Пятро Маркелаў распавёў Свабодзе пра ягонае затрыманьне:

«Спачатку ахоўнік абрызгаў пярцовым балёнчыкам проста ў вочы, калі я падняў рукі (міжнародны жэст „я здаюся“), потым „амапаўцы“ так зацягнулі кайданкі, што да гэтага часу баліць.

Пакуль вялі, казалі па-чэску „будзеш супраціўляцца — прыменім сілу“, і прымянялі сілу, пакуль я казаў I am not resisting, I am not resisting, нават у твар троху білі. У машыне апусьцілі галаву ўніз і начапілі маску, бо „ад мяне сьмярдзела як ад сьвіньні“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус Пятро Маркелаў правёў акцыю ў краме IKEA ў Празе. Яго затрымала паліцыя. ВІДЭА

18 лістапада Пятро Маркелаў, які вучыцца ў Чэхіі, правёў акцыю пратэсту ў мэблевай краме швэдзкага канцэрну IKEA ў Празе. Ён абгарадзіў мэблю стужкай, якую выкарыстоўваюць для дарожных работаў, пасек дзьве тумбачкі сякерай, абліў іх фарбай і праз рупар па-ангельску абвясьціў, што робіць гэта, каб пратэставаць супраць супрацоўніцтва IKEA з уладамі Беларусі. Маркелава затрымала паліцыя.

Як паведаміў беларускі студэнт, які здымаў акцыю, Маркелаў адмыслова выбраў момант, калі ў залі не было дзяцей, і пасьля спакойна чакаў прыезду паліцыі. Паводле сьведкі, тумбачкі, якія пасек Маркелаў, былі зробленыя ў Беларусі.

Напярэдадні нямецкая газэта Die Tageszeitung сумесна з францускім выданьнем Disclose падрыхтавалі расьсьледаваньне пра дзейнасьць IKEA ў Беларусі. У ім гаворыцца, што канцэрн актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі пастаўнікамі, якія выкарыстоўвалі працу зьняволеных, у тым ліку палітвязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкая і француская газэты апублікавалі расьсьледаваньне аб супрацоўніцтве IKEA зь беларускімі калёніямі