Інфарматараў праекту «Чорная кніга Беларусі», які публікаваў асабістыя даныя сілавікоў, заклікалі пакінуць краіну

Агент ГУБАЗіК Артур Гайко

Інфарматараў праекту «Чорная кніга Беларусі» («ЧБК»), які займаўся зборам і распаўсюджваньнем асабістай інфармацыі пра сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, заклікалі ў мэтах бясьпекі пакінуць краіну.

Адпаведная заява ад імя былых удзельнікаў праекту і кампаніі Infopoint Media Network (з чэрвеня 2021 года аб’ядноўвае шэраг мэдыярэсурсаў, у тым ліку «ЧБК») была апублікавана 14 лістапада тэлеграм-каналам «МБК — Мая краіна Беларусь», паведамляе BPN.

Прычынай закліку паклапаціцца аб асабістай бясьпецы стала інфармацыя аб тым, што ў камандзе «ЧБК» доўгі час працаваў укаранёны супрацоўнік ГУБАЗіку Артур Гайко. Ён трапіў у праект увосень 2020 году, выдаўшы сябе за працаўніка банкаўскай сфэры і прыхільніка перамен. Празь некаторы час прадстаўнік МУС нават стаў кіраўніком праекту, атрымаўшы доступ да ўсёй канфідэнцыйнай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая рэдактарка ЧКБ Яніна Сазановіч абвінаваціла Франака Вячорку ў замоўчваньні скандалу з агентам ГУБАЗіК і атрымала адказ

Мяркуецца, што праз гэта былі затрыманыя шмат хто з тых, хто дзяліўся з «ЧБК» дадзенымі (прозьвішчы, хатнія адрасы, нумары тэлефонаў і г. д.) пра арганізатараў і ўдзельнікаў палітычных рэпрэсій.

Адзначаецца, што ў сувязі з рызыкамі ўстанаўленьня асобы і наступнага затрыманьня інфарматарам праекту трэба «зьмяніць нумар тэлефона і выдаліць акаўнт у «Тэлеграм». А калі ёсьць магчымасьць — «пакінуць тэрыторыю Беларусі», каб «прадухіліць патэнцыйны крымінальны перасьлед і арышт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка скасаваў Дэпартамэнт па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС