У Горадні праходзяць ператрусы ў сяброў незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі

Ірэна Валюсь

14 лістапада таксама стала вядома, што пракуратура хоча зьліквідаваць кампанію, якая «незаконна ажыцьцяўляла дзейнасьць Саюзу палякаў». Адпаведны запыт ужо накіраваны ў эканамічны суд.

«На гэты момант ідуць ператрусы ў кватэрах старшыні рады СПБ Ірэны Валюсь і віцэ-прэзыдэнта Рэнаты Дземянчук. Тэлефоны актывістаў не адказваюць», — напісаў прадстаўнік СПБ Марэк Занеўскі у Facebook.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура праз суд плянуе ліквідаваць юрыдычную асобу, зьвязаную з Саюзам палякаў Беларусі

Сёньня таксама стала вядома, што ў Горадні зьбіраюцца ліквідаваць ТАА «Клерыгата». Такі запыт накіравала пракуратура Горадзенскай вобласьці ў эканамічны суд.

Як паведаміла Генэральная пракуратура, юрыдычную асобу хочуць ліквідаваць, бо яна «фактычна ажыцьцяўляла дзейнасьць незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня Саюзу палякаў Беларусі». У сувязі з гэтым пачалі крымінальную справу супраць службовых асобаў «Клерыгаты» паводле артыкула 193-1 («Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня і ўдзел у ёй») Крымінальнага кодэксу.

«У парушэньне заканадаўства суб’ект гаспадараньня, акрамя прадугледжанай статутам дзейнасьці, рэалізоўваў мэты і задачы грамадзкага аб’яднаньня, якое не было зарэгістравана ў Рэспубліцы Беларусі ва ўстаноўленым законам парадку», — гаворыцца ў паведамленьні.

Матэрыялы аб ліквідацыі накіравалі ў эканамічны суд на падставе зьвестак УДФР Камітэту дзяржаўнага кантролю Горадзенскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка павіншаваў «народ Польшчы» са сьвятам Незалежнасьці. Што ён не згадаў у віншаваньні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі ядзерны ўдар па Беларусі, вяртаньне «Крэсаў» і бчб-баевікі. Чаму Лукашэнка так баіцца Польшчы