Іран упершыню прызнаў пастаўкі бесьпілётнікаў у Расею

Іранскія дроны Shahed 136

Міністар замежных спраў Ірану Хасэйн Амірабдалахян упершыню прызнаў, што яго краіна паставіла Расеі бесьпілётнікі-камікадзэ, паведаміла 5 лістапада агенцтва Associated Press.

«Мы паставілі абмежаваную колькасьць бесьпілётнікаў Расеі за некалькі месяцаў да вайны ва Ўкраіне», — цытуюць міністра журналісты.

Пры гэтым кіраўнік МЗС Ірану сьцьвярджае, што Тэгеран нібыта ня ведаў аб выкарыстаньні бесьпілётнікаў супраць Украіны.

«Калі (Кіеў — рэд.) мае дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што Расея выкарыстоўвала ва Ўкраіне іранскія бесьпілётнікі, яны павінны іх нам прадставіць. Калі нам дакажуць, што Расея выкарыстоўвала іранскія бесьпілётнікі ў вайне супраць Украіны, мы не застанемся абыякавымі», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Ўкраіны: Іран плянуе адправіць у Расею больш за 200 бесьпілётнікаў

Раней афіцыйныя асобы Ірану адмаўлялі пастаўкі Расеі бесьпілётнікаў. Толькі на гэтым тыдні амбасадар Ірану ў ААН Амір Саід Іравані назваў абвінавачваньні «абсалютна неабгрунтаванымі».

Як заяўляюць Украіна і краіны Захаду, Расея выкарыстоўвае падчас вайны супраць Украіны бесьпілётнікі-камікадзэ іранскай вытворчасьці «Шахед-136». Яны, у прыватнасьці, выкарыстоўваліся падчас масіраваных удараў па ўкраінскіх гарадах у кастрычніку.

Украінскае ваеннае камандаваньне і афіцыйныя асобы раней заяўлялі, што ім удалося зьбіць некалькі сотняў іранскіх бесьпілётнікаў-камікадзэ Shahed 136. Па зьвестках Кіева, Расея выкарыстоўвае гэтыя апараты пад назвай «Герань-2».

Расея абвяргае інфармацыю аб пастаўках іранскіх бесьпілётнікаў.

20 кастрычніка Эўразьвяз і Вялікая Брытанія ўвялі санкцыі супраць вытворцы бесьпілётнікаў-камікадзэ — Shahed Aviation Industries — і трох іранскіх вайсковых чыноўнікаў.

Як пісаў раней Washington Post, Іран таксама пагадзіўся таемна перадаць Расеі балістычныя ракеты малой далёкасьці клясу «зямля-зямля» Fateh-110 і Zolfagha.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры краіны заклікалі ААН расьсьледаваць пастаўкі іранскіх дронаў у Расею. Расея і Іран адрэагавалі