Міністэрства фінансаў ЗША адбіла атаку расейскіх хакераў

Міністэрства фінансаў ЗША ў мінулым месяцы адбіла кібэратакі расейскай хакерскай групоўкі, і гэты інцыдэнт практычна ня выклікаў збояў і пацьвердзіў, што прынятыя міністэрствам меры ўмацаваньня кібэрбясьпекі зьяўляюцца эфэктыўнымі.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі», цытуючы прадстаўніка Міністэрства фінансаў Тода Конкліна.

Па словах Конкліна, Міністэрства фінансаў прыпісвае атакі тыпу «адмова ў абслугоўваньні» (DDoS) расейскай хакерскай групоўцы Killnet, якая ўзяла на сябе адказнасьць за парушэньне працы вэб-сайтаў некалькіх амэрыканскіх штатаў і аэрапортаў у кастрычніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія хакеры атакавалі амэрыканскія аэрапорты

Гэты інцыдэнт, аб якім раней не паведамлялася, адбыўся за некалькі дзён да аналягічных атакаў Killnet на амэрыканскія фірмы, якія прадстаўляюць фінансавыя паслугі, сказаў Конклін на канфэрэнцыі кібэрбясьпекі, арганізаванай прадстаўнікамі індустрыі фінансавых паслуг.

11 кастрычніка групоўка Killnet заявіла, што атакавала сеткавую інфраструктуру JPMorgan Chase & Co, але банк не паведаміў аб якіх-небудзь наступствах для сваёй дзейнасьці.

Конклін ахарактарызаваў атаку на Мінфін як «даволі нізкаўзроўневую DDoS-актыўнасьць, накіраваную на вузлы крытычнай інфраструктуры Мінфіну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Rzeczpospolita: Хакеры з Расеі, Беларусі і Кітаю атакуюць Польшчу, асноўная цэль — Міністэрства абароны і вайсковыя ўстановы