Як піша польскае выданьне Rzeczpospolita, Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы і вайсковыя ўстановы сталі асноўнай мішэньню кібэр-злачынцаў.
За масавымі атакамі стаяць групы, зьвязаныя з Масквой, але таксама тыя, якіх падтрымліваюць Беларусь і Кітай, папярэджвае Check Point Research (CPR), ізраільская кампанія, што спэцыялізуецца на супрацьдзеяньні інтэрнэт-пагрозам.
Яе апошнія зьвесткі паказваюць, што ў Польшчы кожны тыдзень наносіцца ў сярэднім 1106 такіх удараў па адной урадава-вайсковай сетцы. Дасьледнікі паказваюць, што ў 53 адсотках выпадкаў напады накіраваныя на раскрыцьцё канфідэнцыйных зьвестак.
Check Point паведамляе, што большасьць лічбавых нападаў пасьпяхова блякуюцца польскімі сыстэмамі бясьпекі.
Вайсковы сэктар — другі ў сьвеце пасьля сфэры адукацыі і дасьледаваньняў, дзе актыўнасьць кібэр-злачынцаў найболей высокая. А ў Польшчы апошнім часам менавіта войска — асноўны аб’ект, на якім хакеры засяроджваюць свае дзеяньні. Па дадзеных CPR, сярод кібэр-злачынцаў пераважаюць група UNC1151 (таксама вядомая як Ghostwriter), зьвязаная зь беларускім рэжымам, група Fancy Bear (таксама вядомая як APT28), якая падтрымліваецца Крамлём, і Killnet або Mustang Panda, зьвязаная з Кітаем.