Дэпутат нямецкага Бундэстагу стаў сымбалічным «хросным» Дар’і і Ігара Лосікаў

Дар’я Лосік

Жонку палітвязьня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю ня вызвалілі з-пад варты праз 3 дні пасьля затрыманьня 18 кастрычніка . Цяпер Дар’я ў СІЗА Берасьця.

«Дарʼя — змагарка за свабоду, дэмакратыю і справядлівасьць. Больш як два гады яна нястомна змагаецца за вызваленьне свайго мужа, блогера Ігара Лосіка. За гэтую мужнасьць і пачуцьцё справядлівасьці Дарʼя цяпер павінна расплачвацца сваёй свабодай. У Ігара і Дарʼі ёсьць маленькая дачка Паўліна, якая разам з татам будзе кожны дзень сумаваць па маці. Арышт Дарʼі яшчэ раз паказвае пачварнае аблічча дыктатуры Лукашэнкі», — зазначыў дэпутат нямецкага Бундэстагу Робін Вагенэр.

У кастрычніку 2021 году ён таксама стаў стаў «хросным» Ігара Лосіка.

Робін Вагенэр

«Таму для мяне само сабой зразумелае — падтрымліваць вызваленьне Дарʼі столькі, колькі трэба. Паліне патрэбны бацькі. Беларусі патрэбны такія сьмелыя дэмакраты, як Ігар і Дарʼя. Эўропе патрэбны канец злачыннаму рэжыму Лукашэнкі», — напісаў Вагенэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дар’ю Лосік ня выпусьцілі з-пад варты. Яна застаецца ў СІЗА Берасьця

Жонку палітвязьня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка.

Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-й раніцы, сама Дар’я з чатырохгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спала. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Дар’ю Лосік абвінавачваюць у садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 году.

Паводле якога артыкула абвінавачваюць жонку палітвязьня, афіцыйна не паведамляецца.

Першапачаткова Дар’ю Лосік затрымлівалі ў рамках крымінальнай справы на тры дні. Як стала вядома Свабодзе, раніцай 21 кастрычніка яна па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА Берасьця, на свабоду Дар’ю не адпусьцілі. Яе сям’я зьбірае дакумэнты, неабходныя для афармленьня апякунства над дачкой Лосікаў Паўлінай.

Ці ведае Ігар Лосік пра затрыманьне жонкі, дакладна не вядома. Яго родныя ня мелі кантакту зь Ігарам зь мінулага тыдня, ад яго пакуль няма сьвежых лістоў.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай выступіў з заявай пра затрыманьне Дар’і Лосік:

«Дарʼя Лосік ні ў чым не вінаватая, апроч як у абароне свайго несправядліва зьняволенага мужа Ігара Лосіка. Яе павінны не марудзячы адпусьціць, каб даглядала сваю дачку Паўліну. Сямʼя Лосікаў дастаткова нацярпелася».

У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША заявілі, што ўстрывожаныя навінамі аб затрыманьні Дарʼі Лосік.

Журналіст Свабоды Ігар Лосік за кратамі больш як два гады — з 25 чэрвеня 2020 году. У сьнежні 2021 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязьня перавялі ў Наваполацак, на месца пастаяннага зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У крымінальнай справе затрымалі жонку палітвязьня Ігара Лосіка Дар’ю. Прэзыдэнт Радыё Свабода патрабуе яе вызваленьня