Валер Сахашчык назваў заяву ўкраінскага дэпутата пра Пераходны Кабінэт памылкай

Валер Сахашчык

Прадстаўнік Пераходнага Кабінэту па абароне Валер Сахашчык адказаў старшыні камітэту Вярхоўнай Рады па міжнародных справах Аляксандру Мярэжку, які адмовіўся мець справу са Сьвятланай Ціханоўскай і яе Кабінэтам. На думку Сахашчыка, гэтая заява была памылкай.

Сваю пазыцыю Валер Сахашчык выклаў у інтэрвію журналісту Васілю Галаванаву.

«Я думаю, гэта сытуацыя будзе выпраўленая. У кожным выпадку, нашыя народы павінны быць разам. Ва ўкраінскага народа няма ніякіх падстаў казаць, што беларускі народ зьяўляецца здраднікам, нанёс удар у сьпіну і гэтак далей. Шматлікія ўкраінскія палітыкі выказваюць мудрыя думкі пра тое, што трэба разьдзяляць рэжым, які правіць у Беларусі, і беларускі народ. Гэта сапраўды так. І мне здаецца, што дзеяньні, якія вядуць да расколу паміж народамі, — гэта дэструктыўныя дзеяньні», — сказаў Валер Сахашчык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як працуе Аб'яднаны пераходны кабінэт знутры. ВІДЭА

Старшыня камітэту замежных справаў Вярхоўнай Рады, дэпутат фракцыі «Слуга народа» Аляксандар Мярэжка выказаў украінскай Свабодзе меркаваньне, што Ўкраіна не прызнае Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі на чале са Сьвятланай Ціханоўскай з прычыны «сумневаў» у палітычных пазыцыях апазыцыянэркі.

«Пазыцыя Ціханоўскай адносна Расеі і Пуціна недастаткова зразумелая. Яна быццам баіцца называць рэчы сваімі імёнамі. Напрыклад, ясна сказаць, што Расея — тэрарыстычная дзяржава, агрэсар і вораг беларускага народу. Да таго ж у яе асяродзьдзі ёсьць некалькі сумніўных асобаў. Яна таксама рабіла заявы, зьвязаныя з Украінай, якія выклікалі неразуменьне ва Ўкраіне», — заявіў Мярэжка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня камітэту Вярхоўнай Рады выказаў меркаваньне, чаму Кіеў ня хоча прызнаваць Аб'яднаны пераходны кабінэт. Што ня так у яго заяве
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кавалеўскі: Сустрэча Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Зяленскім застаецца прыярытэтам