Навіны палітвязьняў: у сваякоў няма зьвестак пра стан Аліневіча, які пачаў галадоўку 17 дзён таму

Ігар Аліневіч з маці Валянцінай пасьля свайго вызваленьня. 2015 год

Адвакат 5 кастрычніка не змог патрапіць да палітвязьня, асуджанага да 20 гадоў зьняволеньня.

Маці палітзьняволенага анархіста Валянціна Аліневіч, напісала, што яе вельмі непакоіць стан сына, які пачаў галадоўку яшчэ 19 верасьня. Паводле слоў жанчыны, адвакат учора не змог патрапіць да Ігара.

«На многія пытаньні ў мяне проста няма адказаў, хаця людзі ўдалечыні ад нашых рэалій гэта проста не зразумеюць. Калі ты гадамі не можаш убачыць свайго сына, калі адсутнічае магчымасьць пагутарыць па тэлефоне, калі ўсе лісты праходзяць дбайную цэнзуру (калі яны ўвогуле даходзяць), калі нават адвакат не можа патрапіць да свайго падапечнага, калі ўвогуле ў краіне „не да законаў“, то зьвесткі могуць быць вельмі беднымі.

Застаецца толькі ўпэўненасьць у тым, што Ігар не быў бы самім сабой, калі б не спрабаваў змагацца супраць самавольства турэмнай сыстэмы. Для Ігара барацьба — гэта норма і неабходная ўмова захаваньне добрай якасьці», — паведаміла Валянціна Аліневіч у фэйсбук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаным на 18–20 гадоў анархістам перад накіраваньнем у калёніі далі спатканьні з роднымі

39-гадовага актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага на 20 гадоў зьняволеньня, у канцы траўня этапавалі ў мазырскую калёнію. З таго часу на палітвязьня бесьперапынна чыняць ціск, паведамлялі праваабаронцы: Ігара з надуманых прычынаў утрымлівалі ў штрафным ізалятары 30 дзён, пасьля чаго перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу.

Праз час стала вядома, што 8 жніўня над палітвязьнем пройдзе суд аб узмацненьні рэжыму і пераводзе яго ў турму. Справу разглядала судзьдзя Мазырскага раёну Валянціна Новікава.
У выніку Ігару ўзмацнілі рэжым. 11 жніўня яго этапавалі ў турму № 8 у Жодзіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уражаньне, што хлопцы мацнейшыя ў турме, чым мы на свабодзе», — маці Ігара Аліневіча пра прысуд фігурантам справы анархістаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня маем права ні зьяжджаць, ні апускаць рукі, ні паміраць», — маці абвінавачанага ў тэрарызьме Ігара Аліневіча