Павал Дураў заявіў, што Telegram і надалей будзе блякаваць беларускія праўладныя каналы

Павел Дураў

Заснавальнік мэсэнджэра зьвярнуўся да лукашэнкаўскіх прапагандыстаў.

Telegram і надалей будзе блякаваць каналы, якія парушаюць правілы крамаў прыкладаньняў. Аб гэтым заявіў заснавальнік месэнджэра Павел Дураў, камэнтуючы ўчорашні бан тэлеграм-каналаў лукашэнкаўскіх прапагандыстаў.

«Учора, паводле патрабаваньня Apple, мы заблякавалі на iPhone/iPad некалькі зьвязаных зь Беларусьсю рускамоўных каналаў сумарнай колькасьцю ў 80 тысяч падпісчыкаў, — напісаў заснавальнік мэсэнджэра. — Адміністратары яшчэ некалькіх падобных каналаў агульнай колькасьцю ў 50 тысяч падпісчыкаў атрымалі папярэджаньні ад нашай каманды аб тым, што яны парушаюць правілы Apple».

Ён нагадаў адміністратарам каналаў, што яны павінны максымальна сур’ёзна ўспрымаць такія папярэджаньні і старацца рабіць усё магчымае, каб дапушчаныя парушэньні не паўтараліся. Інакш іх каналы заблякуюць у вэрсіях Telegram, якія распаўсюджваюцца праз App Store і Google Play.

«Учора пасьля паўторнага парушэньня мы былі вымушаныя выдаліць расейскамоўны канал, які заклікаў „рэзаць“ і „расстрэльваць“ бяззбройных і безабаронных людзей. Пасьля таго, як нашы мадэратары схавалі праблемны пост і адправілі адміністратарам каналу апавяшчэньне аб недапушчальнасьці падобнага кантэнту, уладальнікі каналу апублікавалі тое ж паведамленьне зноў, забясьпечыўшы яго скрыншотам атрыманага папярэджаньня. Так рабіць ніколі ня варта — правілы Telegram прама забараняюць публічныя заклікі да гвалту», — адзначыў Павел Дураў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм заступіўся за ананімны тэлеграм-канал, які прапагандуе гвалт, фэйкі і мову варожасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт паскардзіўся заснавальніку Telegram Паўлу Дураву на «дэструктыўныя» каналы