Выйшаў на волю журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч пасьля вызваленьня

21 верасьня 63-гадовы Алег Грузьдзіловіч, якога асудзілі на 1,5 года зьняволеньня, выйшаў на волю з магілёўскай калёніі № 15. Грузьдзіловіч прабыў за кратамі амаль 9 месяцаў.

Алег Грузьдзіловіч быў вызвалены праз працэдуру памілаваньня. Ён расказаў, што падпісаў прашэньне, але не прызнаваў віны. Пасьля вызваленьня Алег разам з жонкай Мар'янай выехаў у Літву.

У калёніях застаюцца журналісты Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык і Ігар Лосік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш ня шлі мне канвэрты». Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч з пачатку чэрвеня ўжо двойчы трапляў у ШЫЗА

«У Алега скралі час, пакуль ён быў несправядліва зьняволены, які ён і ягоная сям’я ніколі ня вернуць, і я вельмі шчасьлівы, што цяпер ён узьяднаецца са сваёй жонкай і іншымі блізкімі, — сказаў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) Джэймі Флай. — Я ўдзячны прадстаўнікам міжнароднай і праваабарончай супольнасьці за няспынную падтрымку ў справе Алега, але нашая праца ня скончаная. Ігар Лосік і Андрэй Кузьнечык таксама павінны быць неадкладна вызваленыя».

Алег Грузьдзіловіч з жонкай Мар'янай пасьля вызваленьня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволенага журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча перавялі зь СІЗА ў магілёўскую калёнію. Ён далей аспрэчвае вырак

На нядаўняй нарадзе Аляксандар Лукашэнка прапанаваў разгледзець праект амністыі для зьняволеных да Дня народнага адзінства, дадаўшы, што «яна дапушчальная толькі ў адносінах да тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае». Генпракурор Андрэй Швед заявіў, што пад амністыю можа падпасьці ад 8 тысяч вязьняў. Аднак законапраект аб амністыі пакуль не паступіў у Палату прадстаўнікоў.

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

  • 16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, які пазалетась быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.
  • Паўторна Алега Грузьдзіловіча затрымалі 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
  • 3 сакавіка 2022 году Грузьдзіловіча асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх летам і ўвосень 2020 году. Нібыта Алег спыніў грамадзкі транспарт 16 жніўня на плошчы Незалежнасьці, 11 кастрычніка — на вуліцы Кальварыйскай, і 18 кастрычніка — на Партызанскім праспэкце. «Менсктранс» выставіў Алегу Грузьдзіловічу тры грамадзянскія пазовы — агулам на суму 56 979 рублёў 68 капеек.

За кратамі цяпер застаюцца журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджанага на 1,5 года журналіста Алега Грузьдзіловіча перавялі ў Магілёўскую турму

Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, вучыўся ў Берасьці, скончыў Белдзяржунівэрсытэт, жыве ў Менску.

У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.

У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».

У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.

На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.

Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.

Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

Жанаты, мае трох сыноў і ўнучку Еву.