У твітэры польскага памежнага ведамства апублікавалі відэа, на якім бачна, як трое мігрантаў пераходзяць мяжу ў прысутнасьці двух мужчын у камуфляжнай форме. Дзеяньні адбываюцца каля беларускага памежнага слупа.
«Беларускія службы працягваюць арганізоўваць незаконнае перасячэньне мяжы. Яны падвозяць мігрантаў да мяжы, паказваюць месцы яе перасячэньня, інструктуюць, дапамагаюць пераадольваць натуральныя перашкоды, такія як поймы ці балоты», — падпісала відэа польская памежная служба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Літве апублікавалі відэа, на якім імаверна беларускія памежнікі дапамагаюць мігрантам пераадолець плот на мяжыУ Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі відэа назвалі чарговым сфабрыкаваным фэйкам:
«Памежная варта Польшчы распаўсюджвае ў Сеціве відэа, дзе нібыта беларускія памежнікі не перашкаджаюць бежанцам у перасячэньні мяжы. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці», — паведаміла прэс-служба ДПК.
Беларускае памежнае ведамства ў сваёй заяве адзначыла, што на відэа «адсутнічае характэрная для Польшчы інжынэрная загарода — пяцімэтровая агароджа, якая ўсталяваная ўздоўж усёй польска-беларускай мяжы». Акрамя таго, участак мясцовасьці, прадстаўлены на запісе, немагчыма ідэнтыфікаваць з прычыны нізкай якасьці здымкі.
«Паказанае месца здарэньня відавочна знаходзіцца ў заняпадзе. Трэба падкрэсьліць, што беларуская мяжа заўсёды ўтрымліваецца ў належным парадку і рэгулярна ачышчаецца ад расьліннасьці. Сукупнасьць названых фактаў даказвае, што прадстаўленае відэа — чарговы сфабрыкаваны фэйк, пакліканы дыскрэдытаваць органы памежнай службы Рэспублікі Беларусь», — заявілі ў ДПК.