У Нямеччыне заклікалі адхіліць Беларусь ад адбору на Чэмпіянат Эўропы-2024 у футболе

Ілюстрацыйнае фота

Міністарка ўнутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр, якая ў прыватнасьці адказвае і за пытаньні, зьвязаныя са спортам, заклікала адхіліць зборную Беларусі ад удзелу ў адборачным турніры да чэмпіянату Эўропы ў футболе — 2024 у краіне.

Ліст з адпаведным патрабаваньнем Фэзэр накіравала на імя кіраўніка Саюза эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) Аляксандэра Чаферына. У ім Фэзэр патрабуе «адхіліць ад усіх міжнародных футбольных матчаў і турніраў ня толькі Расею, якая вядзе агрэсіўную вайну ў парушэньне міжнароднага права, але і Беларусь — як асноўнага прыхільніка расейскага кіраўніцтва», піша Deutsche Welle.

Футбольная супольнасьць павінна «адпавядаць сваёй адказнай ролі і заняць адзіную пазыцыю супраць такой формы грэбаваньня правамі чалавека», якую, на думку міністра, дэманструюць Масква і Менск. Спартоўцы адказных за парушэньні дзяржаў павінны быць «пазбаўленыя любой магчымасьці ўдзелу ў спорце, уплыву або іншага прадстаўніцтва», лічыць Нэнсі Фэзэр.

Міністарка таксама настойвае на адхіленьні расейскіх і беларускіх чыноўнікаў зь іх пастоў ва ўплывовых органах міжнародных спартыўных фэдэрацый.

Лёсаваньне для адбору на чэмпіянат Эўропы па футболе-2024 павінна адбыцца ў Франкфурце-на-Майне 9 кастрычніка. Зборная Расеі і расейскія клюбы зь вясны адхіленыя ад удзелу ў міжнародных футбольных турнірах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім біятляністам працягнулі адхіленьне ад спаборніцтваў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спартоўцам зь Беларусі і Расеі другі раз адмовілі ва ўдзеле ў Бостанскім маратоне