Высокапастаўлены супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Чэхіі, які шмат гадоў працаваў у міністэрстве, супрацоўнічаў са Службай замежнай выведкі Расеі і перадаваў ёй сакрэтныя зьвесткі, піша інтэрнэт-выданьне Deník N.
Гэтую інфармацыю сайту Aktualne.cz пацьвердзіў міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі.
Працу на расейскую выведку выкрыла чэская Служба бясьпекі і інфармацыі, нядаўна супрацоўніка звольнілі зь міністэрства. Паведамляецца, што гаворка ідзе пра дыплямата, які здолеў прайсьці праверку на найвышэйшую ступень сакрэтнасьці. Ён знаходзіўся ў МЗС з 1990-х гадоў і, акрамя цэнтральнага апарату ведамства, працаваў у некалькіх пасольствах за мяжой, у тым ліку ў адной з афрыканскіх краін. Ананімная крыніца Deník N заявіла, што расейская выведка нібыта выкарыстоўвала слабасьць завэрбаванага чэскага дыплямата да грошай і жанчын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзевяць краінаў Эўразьвязу перасталі выдаваць турыстычныя візы расейцамСупрацоўнікі СБІ выявілі таемную сувязь чэскага дыплямата з расейскай спэцслужбай некалькі гадоў таму — увесь гэты час яны сачылі за ім. У першай палове 2022 году аб сытуацыі праінфармавалі кіраўніка МЗС Яна Ліпаўскага і прэм’ер-міністра Пэтра Фіялу.
«Магу пацьвердзіць, што я прыняў рашэньне зрабіць такія крокі, дзякуючы якім у МЗС ужо не працуе супрацоўнік, які супрацоўнічаў з замежнай дзяржавай», — сказаў Ліпаўскі.
Іншыя падрабязнасьці кіраўнік МЗС Чэхіі ня стаў раскрываць зь меркаваньняў бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У антыўрадавым мітынгу ў цэнтры Прагі ўзялі ўдзел 70 тысяч чалавек. Гучалі лёзунгі супраць падтрымкі ЎкраіныУ матэрыяле выданьня гаворыцца, што выкрыты шпіён можа пазьбегнуць адказнасьці, бо вядзецца пра асабліва сакрэтную інфармацыю, якую ніяк нельга выкарыстоўваць у судзе.