«Максымальна прыгожа, цікава і гістарычна». У Варшаве адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы. ФОТА

Шэсьце па цэнтры Варшавы з нагоды Дня беларускай вайсковай славы

8 верасьня ў Варшаве адзначылі мітынгам, шэсьцем і адкрыцьцём выставы мастака-графіка Зьмітра Шапавалава «Нарысы зь мінулага», прысьвечанай перамозе беларусаў у Аршанскай бітве 1514 году.

На адкрыцьці выставы выступіў гурт «Літы талер». Імпрэза адбылася ў Музэі вольнай Беларусі ў Варшаве.

Графік Зьміцер Шапавалаў скончыў у 2010 годзе Беларускую акадэмію мастацтваў. На выставе ў Варшаве паказалі ягоныя графічныя творы розных гадоў.

Зьміцер Шапавалаў (справа)

«Сэнс праекту такі: гэта павінна быць выдадзеная кніга „Войска Вялікага Княства Літоўскага з ХІV па ХVІІ стагодзьдзе“. Асноўная мая мэта — менавіта ілюстрацыі, візуальная частка. Гістарычных дасьледаваньняў хапае — я кансультаваўся з гісторыкам, доктарам навук Юрыем Боханам.

А вось рэканструкцыі візуальнай ня так і шмат. І я падумаў, што ў некаторай ступені змагу гэтую незапоўненую нішу крышачку ўзбагаціць. Безумоўна, ніхто ўжо не падкажа, як гэта ўсё выглядала, могуць быць і некаторыя памылкі, але я стараўся максымальна зрабіць і прыгожа, і цікава, і гістарычна. Творы дзеляцца на падзеі з вайсковага жыцьця: бітвы, дуэлі; ёсьць і асобныя постаці, касьцюмы, зброя тагачасных ваяроў. Была спроба прыдумаць дызайн ордэну, які мог быць у Беларусі», — прызнаецца графік Зьміцер Шапавалаў.

На адкрыцьцё выставы прыйшло шмат вядомых асобаў: выдавец Андрэй Янушкевіч, лідэр гурту «Дай дарогу» Юры Стыльскі, сацыёляг Андрэй Вардамацкі і іншыя.

Выдавец Андрэй Янушкевіч

Лідэр «Дай дарогу» Юры Стыльскі

Гісторык Сяргей Кедышка, унук знакамітага беларускага падпольшчыка, Героя Савецкага Саюзу Мікалая Кедышкі, зрабіў відэапрэзэнтацыю асноўных падзей гісторыі Беларусі — ад Аршанскай бітвы 1514 году і бітвы пад Палонкай 1660 году да паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863 году і перазахаваньня парэшткаў Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў у лістападзе 2019 году ў Вільні.

Сяржук Кядышка

У канцы імпрэзы адбыўся выступ гурту «Літы талер».

Гурт «Літы талер»

Ля помніка Каперніку ў цэнтры Варшавы прайшоў мітынг да Дня беларускай вайсковай славы. Яго ўдзельнікі прынесьлі з сабою партрэты беларусаў, палеглых у вайне Расеі супраць Украіны і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчаньня.

Вячаслаў Сіўчык згадаў, як 30 гадоў таму ў Менску адбывалася публічная прысяга вайскоўцаў на вернасьць Беларусі, якую арганізаваў цяперашні палітвязень Мікола Статкевіч.

Выступае Вячаслаў Сіўчык (у цэнтры)

Пасьля мітынгу, у якім узялі ўдзел каля сотні чалавек, удзельнікі акцыі прайшлі шэсьцем па цэнтры Варшавы.