Афіцыйных продажаў новых iPhone 14, Apple Watch і Airpods Pro 2 у Беларусі ня будзе з прычыны антываенных санкцыяў

Прадукцыя кампаніі Apple. Ілюстрацыйнае фота

7 верасьня карпарацыя Apple правяла традыцыйную прэзэнтацыю навінак сваёй прадукцыі. Продажы iPhone 14 пачнуцца 16 верасьня, вэрсіі Plus — 7 кастрычніка. Аднак у Беларусі новыя гаджэты афіцыйна прадавацца ня будуць.

Пра гэта Zerkalo.io расказаў афіцыйны прадавец прадукцыі Apple у Беларусі i-store.by.

«На жаль, бліжэйшым часам афіцыйных паставак навінак у Беларусь мы не чакаем, таму што яны прыпыненыя кампаніяй Apple», — расказалі ў прадстаўніцтве афіцыйнага партнэра кампаніі Apple у Беларусі.

З прычыны вайны ва Ўкраіне ў сакавіку гэтага году зьявілася інфармацыя, што імпарт новых прыладаў кампаніі Apple у Беларусь можа быць часова абмежаваны. Ускосна гэта пацьвярджаецца і тым, што вясновыя навінкі — напрыклад, iPhone SE трэцяга пакаленьня і Pad Air пятага пакаленьня — у продажы так і не зьявіліся, заўважыла выданьне. Канкрэтныя тэрміны магчымых абмежаваньняў не ўдакладняліся.

Акрамя таго, размова ішла менавіта пра імпарт новай прадукцыі, ужо ўвезеную тэхніку абмежаваньні не закранулі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія Apple выбачылася перад беларускімі iOS-распрацоўнікамі і разблякавала доступ да праграм