«Квіткі ў Менск? Вам Далёкі Ўсход па сьпісах — толькі туды», — дарадца мэра Марыюпалю пра дэпартацыю ўкраінцаў

Эвакуацыя ўкраінцаў падчас расейскага ваеннага нападу. Ілюстрацыйнае фота

Больш за ўсё выпадкаў дэпартацыі ўкраінцаў у Расею з акупаваных расейскім войскам тэрыторый было зафіксавана ў Марыюпалі, які фактычна сьцерла з твару зямлі расейская артылерыя.

Дарадца мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка і расейскі праваабаронца Грыгорый Міхноў-Вайтэнка, які дапамагае ўкраінскім уцекачам, што апынуліся ў Расеі, расказалі ў эфіры «Настоящего времени» пра тое, як украінцаў дэпартуюць з радзімы.

Па словах Пятра Андрушчанкі, падчас дэпартацыі людзей з Марыюпалю адрэзалі ад магчымасьці выяжджаць у бок Украіны.

«Іх выводзілі ў паўзах паміж абстрэламі толькі ў адзін бок. Гэты прымус — адсутнасьць выбару. Пасьля празь «фільтраваньне» прапускалі ўсіх. А далей непасрэдна вакзал у Растове. Там пасьля незразумела якіх падпісаных папер ім давалі білет у адзін канец у прыпісаны рэгіён. Чыстай вады прымус — маральны, фізычны. Людзі спрабавалі ўцячы з вакзала, перабрацца на іншыя вакзалы, у прыватнасьці з Таганрога ў Растоў, там купіць квіткі на Менск і ехаць далей. Ім там казалі: «Пачакайце, якія вам білеты на Менск? Вам Далёкі Ўсход па сьпісах — толькі туды», — расказаў Андрушчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і ААН запатрабавалі ад Расеі спыніць практыку «фільтрацыі» ва Ўкраіне і даць доступ да затрыманых украінцаў

Паводле расейскага праваабаронцы Рыгора Міхнова-Вайтэнкі, украінцам, вывезеным з акупаваных тэрыторый, прапануецца толькі адзін білет у канкрэтны рэгіён.

«Выбару ніякага не было, і людзі былі вымушаныя ехаць строга па загаданым маршруце. Праўда, калі яны дабіраліся да гэтага месца, там ужо ніхто іх ніякім чынам не стрымліваў. І як толькі яны зьвязваліся з той ці іншай валянтэрскай арганізацыяй ці са сваімі сваякамі, яны дастаткова спакойна маглі пакінуць пункт часовага разьмяшчэньня.

Апошнія некалькі месяцаў дастаткова вялікая колькасьць людзей, у тым ліку, наколькі я разумею, з Марыюпалю, выбіраюцца самастойна. Там ужо ўзьніклі нейкія людзі, якія дапамагаюць гэта рабіць за невялікія грошы: дабрацца да Расеі. І там ужо людзі самі купляюць спачатку квіткі на электрычку, дабіраюцца да Растова, дзе валянтэрскія ўсялякія арганізацыі дапамагаюць паехаць туды, куды яны просяць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея стварыла 21 фільтрацыйны лягер для ўкраінцаў, — Ейльскі ўнівэрсытэт

Пятро Андрушчанка расказаў, што яму вядомыя выпадкі прымусовага вывазу з краіны ўкраінскіх дзяцей без бацькоў.

«На тэрыторыі Марыюпалю быў дзіцячы касьцёва-тубэркулёзны дыспансэр для асаблівых дзетак. Бацькі пакінулі дзяцей незадоўга да пачатку вайны і паехалі ў водпуск. Пачалася вайна, блякада Марыюпалю, бацькі тут, дзеці там. Дзяцей вывезьлі спачатку ў Данецк, там іх хавалі. Потым дзеці апынуліся ў Расеі. На сёньняшні дзень, наколькі я ведаю, офіс украінскага амбудсмэна да гэтага часу вядзе працу ў пошуку і вяртаньні гэтых дзяцей ва Ўкраіну. Але гэта з абуральных выпадкаў, калі дакладна вядома, што дзеці не сіроты, а бацькі іхныя тут».

«Краснаярскі край напісаў пра 1300 марыюпальскіх дзяцей, тысячу зь якіх ужо ўсынавілі. Але лічба блізкая да рэальнай, я думаю, прынамсі ня больш чым напалову яна завышаная. Гэта асобная вялікая балючая тэма нашых дзяцей», — расказаў Пятро Андрушчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Нароўлі загналі ці то ў ангар, ці то ў калгасны склад». Украінцы расказалі, у якіх умовах жылі пасьля эвакуацыі ў Беларусь