Ціханоўская: Рэжым пачынае размовы пра амністыю толькі тады, калі спрабуе гандляваць закладнікамі дзеля зьняцьця санкцый

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Дэмакратычная лідэрка Святлана Ціханоўская пракамэнтавала сёньняшнія вялікія турэмныя тэрміны ў «справе анархістаў» і абмеркаваньне ўладамі амністыі адначасова з магчымасьцю пазбаўленьня грамадзянства актывістаў.

«Сёньня дзесяць палітзьняволеных прыгаварылі разам да 94 гадоў зьняволеньня, адзначыла Ціханоўская ў заяве, разьмешчанай у яе тэлеграм-канале. — Адразу пасьля прысуду пачаліся затрыманьні — былі арыштаваны сваякі асуджаных, праваабаронцы і нават дыпляматы з ЭЗ».

Пры гэтым, працягнула Ціханоўская, «рэжым гаворыць пра магчымыя амністыі, адначасова з гэтым набіраючы новых закладнікаў для гандлю і абмяркоўваючы пляны ў пазбаўленьні беларусаў грамадзянства, што супярэчыць Канстытуцыі Беларусі».

«Мы шчасьлівыя кожнаму, хто выходзіць на волю. Але ня будзем дзякаваць тым, хто сам зладзіў пекла для людзей — і потым вырашыў яго спыніць, — заявіла палітык. — Тое, што людзі незалежна ад сваіх палітычных меркаваньняў знаходзяцца на волі, павінна быць нормай, а не «падарункам».

На яе думку, Аляксандар Лукашэнка «пачынае размовы пра амністыю толькі тады, калі спрабуе гандлявацца закладнікамі дзеля зьняцьця санкцый». «Мы не дазволім гэтага зрабіць. Мы ведаем сапраўдны твар гэтай сыстэмы».

Ціханоўская перакананая, што з палітвязьняў выйсьці павінны не асобныя людзі, а «абсалютна ўсё».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі выракі Рабковай, Францкевічу і яшчэ васьмі палітвязьням: да 17 год зьняволеньня, агулам на 94 гады турмы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: Пасьля суду па справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня» затрымалі праваабаронцу Насту Лойку, сваякоў вязьняў, дыпляматаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бандыты і экстрэмісты ня з гэтай сэрыі». Лукашэнка правёў нараду аб амністыі і пазбаўленьні грамадзянства тых, хто «ўцёк за мяжу»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пробліск літасьці пасярод лявіны рэпрэсій. Навошта Лукашэнку амністыя?