Прэм’ер-міністар Украіны просіць ад Нямеччыны павелічэньня вайсковай дапамогі

Дзяніс Шмыгаль

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль прыбыў у Бэрлін для перамоваў з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі, ён стаў першым прадстаўніком ураду ў Кіеве, які наведаў Нямеччыну за апошнія месяцы.

Візыт сьведчыць аб спыненьні напружанасьці паміж дзьвюма краінамі, паколькі ў мінулым Кіеў крытыкаваў Нямеччыну за аказаньне занадта малой дапамогі ў барацьбе Украіны супраць расейскіх акупантаў.

Оляф Шольц наведаў Кіеў у чэрвені, і з таго часу пастаўкі зброі павялічыліся.

«Нямеччына дасягнула велізарнага прагрэсу ў падтрымцы Ўкраіны зброяй», — заявіў Дзяніс Шмыгаль нямецкім СМІ напярэдадні сваёй паездкі ў Бэрлін. Ён дадаў, што Кіеву трэба яшчэ больш, асабліва «сучасныя баявыя танкі», такія як нямецкі Leopard 2.

Шмыгаль таксама заявіў, што яго краіна гатовая пастаўляць у Нямеччыну электраэнэргію, каб дапамагчы найбуйнейшай эканоміцы Эўропы зьнізіць залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў.

Украіна адчувае большы, чым звычайна, прафіцыт магутнасьцяў для экспарту электраэнэргіі, паколькі ўнутранае спажываньне значна ўпала пасьля ўварваньня Расеі, многія людзі ўцяклі з краіны, а эканоміка запаволілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Оляф Шольц прэтэндуе на лідэрства. Навошта нямецкі канцлер узгадаў Лукашэнку ў якасьці тыповага адмоўнага пэрсанажа

Шмыгаль таксама сустрэнецца з прэзыдэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам 4 верасьня, каб ліквідаваць тую напружанасьць, якая ўзьнікла пасьля таго, як Кіеў адхіліў прапанову Штайнмаера па прыезьдзе ва Ўкраіну ў красавіку. Штайнмаер раззлаваў Кіеў у дні пасьля расейскага ўварваньня, прапанаваўшы толькі прадаставіць 5000 шлемаў. Ён раней выступаў за палітыку «разрадкі» ў дачыненьні Расеі, але пасьля ўварваньня Масквы прызнаў, што гэтая палітыка была памылкай.

З тых часоў Нямеччына пачала пастаўляць значную колькасьць цяжкога ўзбраеньня, уключаючы артылерыю, ракетныя ўстаноўкі і зэнітныя сыстэмы. Ухвалены новы пакет вайсковай дапамогі на суму больш за 500 мільёнаў эўра (498 мільёнаў даляраў).

У сваім выступе 29 жніўня Шольц заявіў, што Бэрлін працягне падтрымліваць Украіну «столькі, колькі спатрэбіцца». Таксама варта адзначыць, што Нямеччына прыняла каля мільёна ўкраінскіх уцекачоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына і Францыя выступілі за працяг падтрымкі беларускай апазыцыі ў эміграцыі і на радзіме
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Нямеччыны заклікаў Эўропу да салідарнасьці, каб супрацьстаяць Пуціну і Лукашэнку