Амаль палова ўкраінцаў ставяцца да беларусаў кепска, 90% ведаюць пра пратэсты ў 2020 годзе, — апытаньне

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя беларусаў Кіева, 24 жніўня 2021 году

Украінцы ведаюць пра сытуацыю ў Беларусі і пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Ўкраіну, але ня вельмі жадаюць наладжваць адносіны зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Такія зьвесткі агучылі на прэзэнтацыі сумеснага дасьледаваньня Беларускай аналітычнай майстэрні і дасьледчага агенцтва Info Sapiens, паведамляе «Зеркало».

Вынікі дасьледаваньня прадставіў кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні ў Варшаве, доктар сацыялёгіі Андрэй Вардамацкі. Апытаньне праводзілі праз тэлефон, з 17 па 19 жніўня, у ім узялі ўдзел 1026 рэспандэнтаў.

На сёмы месяц вайны Расеі супраць Украіны

  • 48,5% апытаных украінцаў адзначылі, што дрэнна ставяцца да беларусаў, добра ставяцца — 38%,
  • 89% апытаных ведаюць аб пратэстах супраць фальсыфікацыі выбараў у 2020 годзе ў Беларусі,
  • 70% апытаных ведаюць пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны,
  • 71% апытаных адказалі, што ведаюць пра беларускіх «рэйкавых партызанаў», якія спрабавалі затрымаць рух расейскіх войскаў на пачатку вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо больш за палову ўкраінцаў кепска ставяцца да беларусаў — вынікі апытаньня ва Ўкраіне

Асобны блёк пытаньняў дасьледчыкаў тычыўся таго, ці ведаюць украінцы пра Сьвятлану Ціханоўскую і ці атаясамліваюць Аляксандра Лукашэнку зь беларускім народам:

  • 77% апытаных ведаюць пра Сьвятлану Ціханоўскую як пра лідэра беларускай апазыцыі,
  • 44% украінцаў лічаць, што Ціханоўская актыўна падтрымлівае Ўкраіну ў вайне супраць Расеі, 25% апытаных адказалі, што яе пазыцыя нявызначаная, амаль 3% лічаць, што Ціханоўская падтрымлівае Расею. 28% рэспандэнтаў не змаглі адказаць на пытаньне.

Таксама адназначна ўкраінцы ўспрымаюць і Аляксандра Лукашэнку:

  • 83% украінцаў лічаць, што Лукашэнка не зьяўляецца легітымным кіраўніком Беларусі,
  • 80% упэўненыя, што беларусы не падзяляюць яго палітыку ў дачыненьні да Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынікі сацапытаньня: у Літве з дыскрымінацыяй сутыкаліся 16% беларускіх эмігрантаў, у Польшчы — 31%, Грузіі — 39% 

Наконт адносінаў афіцыйнага Кіева з Аляксандрам Лукашэнкам і дэмакратычнымі сіламі меркаваньні ўкраінцаў падзяліліся:

  • 58% лічаць, што з афіцыйнымі ўладамі Беларусі трэба разарваць усе адносіны, нават калі гэта будзе на шкоду самой Украіне, 38% апытаных прапанавалі падтрымаць дэмакратычную апазыцыю Беларусі,
  • 28% схіляюцца да кампрамісу паміж папярэднімі 2 варыянтамі,
  • 7,5% згодныя падтрымаць бок Аляксандра Лукашэнкі.

Стаўленьне да беларускіх дэмакратычных сілаў здаецца даволі прахалодным:

  • 26% апытаных украінцаў згодныя, што на дзяржаўным узроўні разьвіваць зь імі адносіны ня варта, 24% лічаць, што трэба абмежавацца афіцыйнымі візытамі,
  • 15% прапануюць аказваць дэмакратычным сілам Беларусі падтрымку і ўсебакова зь імі супрацоўнічаць,
  • 12% заявілі, што адносіны трэба наладжваць, але не афішаваць гэта.

На думку ўкраінцаў, іх уладам ня варта ўзаемадзейнічаць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, бо незразумела, як моцна яны знаходзяцца пад уплывам Расеі. Так думаюць амаль 66% апытаных украінцаў. Яшчэ 35% лічаць, што беларуская апазыцыя проста слабая і ня зможа ні на што паўплываць. А вось 20% рэспандэнтаў адказалі, што размаўляць зь Ціханоўскай ня варта, бо такі крок можа пагоршыць адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад чаго залежыць стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў? Адказвае ўкраінскі сацыёляг