«Схемы» ідэнтыфікавалі расейскага вайскоўца, які выхваляўся абстрэламі і катаваньнямі, і вэрыфікавалі ягоныя словы

Журналістам удалося вызначыць вёску на Херсоншчыне, дзе былі ўчыненыя злачынствы

«Схемы» (Радыё Свабода) вэрыфікавалі зьмест аўдыёперахопу Службы бясьпекі Ўкраіны і ідэнтыфікавалі расейскага вайскоўца, які хваліўся катаваньнямі ўкраінскіх ваеннапалонных і абстрэламі дамоў мірных жыхароў ва Ўкраіне.

Ім аказаўся Станіслаў Шматаў, танкіст 15-й так званай «міратворчай» брыгады Ўзброеных сілаў Расеі, ураджэнец Самарскай вобласьці.

У расьсьледаваньні журналістам удалося выявіць канкрэтную вёску на акупаванай частцы Харкаўшчыны, дзе былі ўчыненыя злачынствы, у якіх прызнаўся вайсковец РФ у тэлефоннай размове са сваякамі, і пацьвердзіць іх, у тым ліку, з дапамогай спадарожнікавых здымкаў. «Схемы» змаглі пагаварыць з гэтым вайскоўцам наўпрост. Асобна з дапамогай мабільных трафікаў журналістам удалося вызначыць рух па тэрыторыі Ўкраіны брыгады, у якой служыць Шматаў.

У траўні СБУ апублікавала фрагмэнт перахопленай размовы неназванага расейскага вайскоўца з бацькам, падчас якога салдат выхваляўся абстрэламі дамоў мірных жыхароў, захопам у палон і наступным катаваньнем украінскіх вайскоўцаў.

«Сегодня мы не***во так проявили себя. Мы, считай, деревню с трёх сторон окружили. Просто дома н***й выносили, стреляли по всему: по домам, по машинам, всё. Все дома, н***р, танками разъе***или и БТР-ами. Двое пленных взяли. АК-47 у них отжали, винтовку отжали, СВД-шку. Ухо одному отрезали», — дзяліўся ўражаньнямі з бацькам расейскі вайсковец.

«Схемы» атрымалі поўныя, раней не публікаваныя перахопленыя размовы вайскоўца Шматава, у якіх салдат, сярод іншага, падрабязна апісвае мясцовасьць. Дзякуючы гэтым запісам, а таксама абапіраючыся на тэхнічныя зьвесткі трафіку — вышкі сотавай сувязі, празь якія быў падлучаны тэлефон Шматава, — журналісты высьветлілі, дзе менавіта знаходзіўся расейскі вайсковец, які прызнаўся ў дзеяньнях, якія паводле нормаў міжнароднага гуманітарнага права, належаць да ваенных злачынстваў. Гэта пасёлак Пяскі-Радзькоўскія, які знаходзіцца на часова акупаванай частцы тэрыторыі Харкаўскай вобласьці. Мясцовая супольнасьць пацьвердзіла тое, што казаў расейскі вайсковец у перахопленай Службай бясьпекі Ўкраіны размове: вайскоўцы жорстка абыходзіліся зь мірным насельніцтвам, частка зь іх была ўзятая ў закладнікі.

Таксама ў той час у вёсцы сапраўды былі захопленыя некалькі ўкраінскіх вайскоўцаў, сьведчаць крыніцы «Схем» ва ўкріанскай выведцы. Іх імёны ў ведамстве не раскрываюць зь меркаваньняў бясьпекі.

Пра шматлікія разбурэньні прыватных дамоў, мясцовай школы і Дома настаўніка ў пасёлку сьведчаць спадарожнікавыя здымкі, замоўленыя журналістамі, а таксама відэа, перададзенае ў рэдакцыю мясцовымі жыхарамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Злачынствы супраць чалавечнасьці. У АБСЭ апублікавалі другую справаздачу аб ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Bloomberg: У Гаазе першыя справы па ваенных злачынствах Расеі пачнуць разглядаць у канцы 2022 году

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.