Місія МАГАТЭ прыбыла на Запароскую АЭС

Запароская АЭС

Місія МАГАТЭ прыбыла на Запароскую АЭС, паведаміла ўкраінская кампанія «Енергоатом».

Картэж з 9 аўтамабіляў з экспэртамі заехаў на тэрыторыю станцыі ў Энэргадары. Місію МАГАТЭ на Запароскай АЭС сустрэлі ў тым ліку прадставілі расейскага «Росатома». У склад місіі ўваходзіць 14 чалавек з розных краінаў сьвету на чале з кіраўніком арганізацыі Рафаэлем Гросі.

Місія МАГАТЭ плянуе застацца на атамнай Запароскай АЭС да 3 верасьня. Сёньня яна пазнаёміцца з рабочай заляй станцыі, а потым наведае рэактары, паведамляюць расейскія СМІ са спасылкай на прадстаўнікоў прызначанай Расеяй акупацыйнай адміністрацыі. Украінская крыніца, знаёмая з сытуацыяй, сказала агенцтву Reuters, што місія «можа быць карацейшай, чым плянавалася».

Місія прыбыла на ЗАЭС у складзе вялікай калёны, побач зь якой былі шматлікія расейскія салдаты. Таксама яе суправаджаюць больш за 60 журналістаў з розных краінаў сьвету.

Як патлумачыў расейскай службе ВВС былы галоўны інспэктар МАГАТЭ Олі Хэйнанен, місія паспрабуе ацаніць, ці штатна працуе абсталяваньне і ці ёсьць з гэтым якія праблемы, а таксама пераканацца, у якіх умовах працуюць супрацоўнікі АЭС і які іх фізычны і маральны стан.

У Энэргадары, горадзе-спадарожніку Запароскай АЭС, з раніцы не спыняюцца абстрэлы. Ёсьць інфармацыя пра параненых і загінулых.

Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі раніцай заявіў, што місія ведае пра «ўзмацненьне ваеннай актыўнасьці ў гэтым раёне», але плянуе наведаць аб’ект і сустрэцца з пэрсаналам станцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Энэргадары перад візытам місіі МАГАТЭ на Запароскую АЭС ідуць абстрэлы, атакуюць верталёты, ёсьць ахвяры