Газаправод «Паўночны паток» спыніўся на тры дні. Расейцы сьцьвярджаюць, што прычына — рамонт

Ілюстрацыйнае фота

Газаправод ў Эўразьвяз расейцы зноў абяцаюць запусьціць 3 верасьня.

«Газпром» прыпыніў прапампоўваньне газу па «Паўночным патоку» на тры дні праз «плянавы рамонт» на кампрэсарнай станцыі «Партовая», паведамляюць «РІА Новости» са спасылкай на апэратараў газатранспартных сетак.

Паводле інфармацыі апэратара газаправоду Opal, пастаўкі па балтыйскай магістралі спыніліся з 4:00 па маскоўскім часе. У газаправод Nel газ перастаў паступаць з 3 гадзін раніцы.

Згодна з графікам, рамонт заплянаваны з 4:00 31 жніўня па 4:00 3 верасьня.

Прыпыненьне працы «Паўночнага патоку», як тлумачаць у Расеі, зьвязана зь неабходнасьцю адрамантаваць газапампавальны агрэгат на кампрэсарнай станцыі «Партовая» — Trent 60. Работы правядуць спэцыялісты «Газпрома» і Siemens.

Раней некаторыя заходнія палітыкі, якія выступалі супраць пабудовы газаправоду, адзначалі, што Крэмль з дапамогай «Паўночнага патоку» і «Паўночнага патоку – 2» будзе шантажаваць эўрапейскія дзяржавы, карыстаючыся іх вялікай залежнасьцю ад расейскіх энэрганосьбітаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэны на газ у Эўропе ўзьляцелі да рэкорднага ўзроўню — больш як 3500 эўра за тысячу кубамэтраў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Надзвычайны плян зьмяншэньня спажываньня газу ў Эўразьвязе набыў моц. Што гэта значыць