Экс-журналістка БТ Луцкіна заявіла ў судзе, што ў турме ў яе значна пагоршыўся стан здароўя

Ксенія Луцкіна

Першага верасьня пачаўся судовы працэс над сябрам КР Ксеніяй Луцкіной. Журналістцы ставяць у віну «змову або іншыя дзеяньні з мэтай захопу ўлады» (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу). Працэс адкрыты. Справа Ксеніі складаецца з 67 тамоў.

Пасьля абвяшчэньня абвінавачаньня Ксенія сказала, што прызнае віну, паведамляецца на сайце Каардынацыйнай рады.

Перад дачай паказаньняў журналістка папярэдзіла, што за час знаходжаньня ў турме ў яе значна пагоршыўся стан здароўя: яна мае пухліну галаўнога мозгу, ад чаго рэгулярна прымае моцнадзейныя лекі. Аднак на судзе Ксенія трымалася і выглядала добра, адзначае Каардынацыйна рада.

Сярод слухачоў на працэсе прысутнічалі бацькі і сябры журналісткі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, паседжаньні будуць праходзіць кожны дзень да 24 верасьня ў Менскім гарадзкім судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/3).

Працэс вядзе судзьдзя Тацяна Фалькоўская.

Ксенія Луцкіна знаходзіцца за кратамі больш за 20 месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторык, кінадакумэнталістка, былая супрацоўніца БТ. Гісторыя Ксеніі Луцкінай, якой пагражае 12 год турмы

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што Ксеніі выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Па гэтым артыкуле ёй пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Генпракуратура Беларусі сьцьвярджае, што Ксенія Луцкіна нібыта займалася стварэньнем «грамадзкай беларускай інтэрактыўнай тэлевізіі, мэта якой — утойваньне і скажэньне рэальных фактаў, эскаляцыя пратэставай актыўнасьці, стымуляваньне расколу ў беларускім грамадзтве, фармаваньне ў людзей нэгатыўнай думкі аб дзейнасьці дзяржорганаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сэрца разрываецца, што не магу абняць сына». Расказваем пра экс-журналістку БТ Ксенію Луцкіну, якая 11 месяцаў за кратамі

Экс-журналістка БТ Ксенія Луцкіна, якая адразу пасьля выбараў звольнілася зь дзяржаўнага тэлеканалу, марыла стварыць альтэрнатыўную тэлевізію. Аднак яе затрымалі ў сьнежні 2020 году. Яе прызналі палітычнай зьняволенай.

Вядома, што Ксенія адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можаце паслаць круасан бандэрольлю». Што піша зь СІЗА Ксенія Луцкіна, у якой расьце пухліна ў мозгу