Праз марскія парты Ўкраіны экспартавалі першы мільён тон збожжа

З пачатку дзеяньня пагадненьня аб вывазе збожжа праз марскія парты Ўкраіны ўжо экспартавалі першы мільён тон сельскагаспадарчай прадукцыі, паведаміла адміністрацыя марскіх партоў Украіны.

«Агулам у рамках рэалізацыі ініцыятывы па бясьпечным транспартаваньні збожжа і прадуктаў харчаваньня за 26 дзён работы збожжавага калідора з партоў Украіны выйшлі 44 судны, якія вывезьлі больш за 1 мільён тон сельскагаспадарчай прадукцыі ў 15 краінаў сьвету», — гаворыцца ў паведамленьні.

Толькі за апошні тыдзень працы «збожжавага калідора» парты Адэскай вобласьці прынялі 13 судоў для пагрузкі 362 тысяч тон пшаніцы, кукурузы, рапсу, алею, соі і ячменю, якія накіруюцца ў парты Гішпаніі, Ізраіля, Нямеччыны і Турэччыны, адзначае адміністрацыя. Адначасова ў парты Лібіі, Нідэрляндаў, Ізраілю, Індыі, Эгіпту, Турэччыны, Нямеччыны і Судану накіравана 13 судоў з 294 тысячамі тон пшаніцы, алею, соі, рапсу і кукурузы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З украінскіх партоў выйшлі яшчэ 4 судны з кукурузай, алеем і насеньнем сланечніка

Што папярэднічала

Расея з пачатку свайго ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну з 24 лютага заблякавала Чорнае мора для праходу гандлёвых суднаў.

Акваторыю мора замінавалі як расейскі, так і ўкраінскі бакі — апошні з мэтай не дапусьціць высадкі расейскіх дывэрсійных групаў на ўзьбярэжжа Адэсы.ьАдначасова расейскія войскі зьнішчылі некалькі вялікіх тэрміналаў, у якіх захоўвалася збожжа мінулага ўраджаю, а пасьля акупацыі часткі поўдня Ўкраіны збожжа выкрадалі і перавозілі ў Крым для наступнага продажу на замежных рынках.

Пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў вострава Зьмяінага ў Чорным моры зьявілася магчымасьць пастаўляць украінскае збожжа на сусьветны рынак па Дунаі, але не ў такіх вялікіх аб’ёмах, якіх патрабуе сусьветны рынак.

Генсакратар ААН Антонію Гутэрыш ня раз заяўляў, што ўжо ў 2022 годзе ў шэрагу краінаў можа наступіць голад, а ў 2023-м будзе яшчэ горш. Вайну ва Ўкраіне ён назваў адной з галоўных, але не адзінай прычынай гэтага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне рыхтуюцца да аднаўленьня паставак збожжа па моры. Першым загрузілі турэцкае судна. ФОТА

ААН разам з Турэччынай сталі пасярэднікамі ў перамовах Расеі і Ўкраіны аб разблякаваньні марскога шляху паставак. У выніку 22 ліпеня ў Стамбуле было падпісана пагадненьне аб вывазе з Украіны збожжа і іншых харчовых тавараў праз украінскія чарнаморскія парты — ва ўмовах расейскага ўварваньня. Прадстаўнікі Ўкраіны і Расеі падпісалі два асобныя пагадненьні з прадстаўнікамі ААН і Турэччыны, якія павінны стаць гарантамі дамоўленасьцяў.

Паводле падпісаных дакумэнтаў, у Чорным моры павінны разблякаваць тры ўкраінскія парты: «Адэса», «Чарнаморск» і «Паўднёвы».

Першае судна выйшла з Адэсы 1 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна па адноўленым марскім шляху экспартавала з трох марскіх партоў больш за 600 тысяч тон збожжа